Былы гітарыст Clover Club прадставіў сольны альбом "Hypnos"
Дзмітрый Кацяшоў, былы гітарыст мінскага гурта Clover Club, такі выдаў свой сольны электра-альбом пад назвай "Hypnos". Кружэлка створаная ў межах праекта life on marx, яна навеяная вандроўкамі Дзмітрыя па Мінску, уражанні ад якіх ён старанна "запісваў" на сваёй хатняй студыі.
Альбом "Hypnos", які складаюць 11 трэкаў, атрымаўся на дзіва канцэптуальным, хоць першапачаткова такой задачы музыка перад сабой не ставіў. Дзіма кажа, што ўсе песні на альбоме розныя, але яны аб'яднаныя яго светаадчуваннем і ў іх прасочваюцца рэчы, якія яго цікавяць у жыцці:
"Гаворка ідзе пра чалавечыя адносіны, вандроўкі. Вельмі шмат даюць мае стасункі з людзьмі — старымі сябрамі і новымі знаёмымі. Я часта пры сустрэчы з людзьмі аналізую нашу размову, узгадваю, пра што яна была, і гэта часта падштурхоўвае да стварэння песні".
У хуткім часе чакаецца канцэртная прэзентацыя дыска. Але да яе музыка мусіць добра падрыхтавацца, бо маючы дзве рукі, сыграць на ўсіх інструментах адначасова не так і лёгка!