BYPOL выпусціў расследаванне аб затрыманні адміністратараў чата "Кіроўцы 97%"

Вікторыя Кульша падчас размовы з сілавікамі, скрыншот відэа

Вікторыя Кульша падчас размовы з сілавікамі, скрыншот відэа / youtube.com/@BYPOLofficial

Арганізацыя былых сілавікоў BYPOL выпусціла расследаванне аб затрыманні адміністратараў пратэстнага чата "Кіроўцы 97%". Нагадаем, гэты рэсурс узнік летам 2020 года, меў больш за 5 тысяч падпісчыкаў. Канал дапамагаў аўтааматарам арыентавацца падчас пратэстаў, а таксама публікаваў інфармацыю аб фальсіфікацыі выбараў, акцыях і гвалце з боку сілавікоў.

У верасні 2020 года быў затрыманы Дзяніс Гуцін, затым — Таццяна Шкробат. Шкробат пад ціскам пайшла на супрацоўніцтва з сілавікамі — дала доступ да свайго тэлефона, дапамагала сілавікам выяўляць актывістаў. У верасні затрымалі Ганну Вішняк, у лістападзе — Вікторыю Кульшу. BYPOL публікуе відэа размовы сілавіка з Кульшай. Меркавана, размова адбылася 5 лістапада 2020 года і вёў яе намеснік кіраўніка ГУБАЗіК Міхаіл Бядункевіч. З размовы становіцца зразумела, што тэлефон Вікторыі не знайшлі. Сілавік прапануе здзелку — просіць дапамагчы знайсці "іншых адмінаў, іншых удзельнікаў. Дзесьці выцягнуць адміністратараў, якія за мяжой знаходзяцца". Кульша не згаджаецца.

Нагадаем, суд прыгаварыў Гуціна, Кульшу і Вішняка, якія не прызналі сябе вінаватымі, да двух з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. А Таццяну Шкрабат — да трох гадоў хатняй хіміі. Гуцін і Вішняк выйшлі на волю восенню 2022 года. Вікторыя Кульша па-ранейшаму ў зняволенні. Ужо ў калоніі яе двойчы судзілі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Нядаўна стала вядома, што ў Вікторыі дыягнаставалі рак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі