Палітзняволенай Вікторыі Кульшы другі раз дадалі тэрмін
Вікторыя Кульша / spring96.org
7 красавіка ў судзе Рэчыцкага раёна палітзняволенай Вікторыі Кульшы агучылі чарговы прысуд, паведамляюць праваабаронцы.
Суддзя Станіслаў Іванюценка прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і дадаў яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да 3,5 года калоніі. Агульны прысуд Вікторыі Кульшы — чатыры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.
Вікторыя працавала інжынеркай па ахове працы. Яе затрымалі 4 лістапада 2020 года за адміністраванне тэлеграм-канала і чата "Кіроўцы 97%". Яе асудзілі паводле "народнага" 342-га артыкула (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) на 2,5 года.
У чэрвені 2021-га за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі ёй прысудзілі яшчэ адзін год зняволення. Сярод "парушэнняў" у яе былі пазначаныя такія: "знішчэнне ліста, напісанага да дачкі"; "выйшла ў прыбіральню, не папярэдзіўшы"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы"; "знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто", "пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася".
Праваабаронцы паведамляюць, што Кульша некалькі разоў трымала галадоўку, пратэстуючы супраць ціску з боку адміністрацыі. Адміністрацыя калоніі ужывае супраць яе фізічны і псіхалагічны ціск. Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся.
Пасля новага прысуду Кульша знаходзіцца ў ІЧУ Рэчыцы і чакае этап у гомельскі СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.