Цапкала: "асаблівыя адносіны з Расіяй" і "руская мова — наш здабытак"

Цапкала: "асаблівыя адносіны з Расіяй" і "руская мова — наш здабытак"

Валерый Цапкала выказаўся наконт таго, якімі мусяць быць дачыненні Беларусі і Расіі, а таксама пра статус рускай мовы ў нашай краіне. 21 траўня патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій правёў у Мінску ў гатэлі "Вікторыя Алімп" сваю першую прэс-канферэнцыю ў якасці палітыка. Ён крытычна выказаўся пра эканамічную палітыку цяперашніх уладаў і заявіў пра неабходнасць мадэрнізацыі "ва ўсіх галінах". У той жа час ухіліўся ад прамога адказу на пытанне пра тое, хто ж вінаваты, што наша краіна апынулася ў такім становішчы.

Адказваючы на пытанне пра дамовы па саюзнай дзяржаве з Расіяй, палітык заявіў: "Маё абсалютнае перакананне ў тым, што мы павінны выконваць усе дамовы, якія былі падпісаны Рэспублікай Беларусь". А "пастаноўку пытання" Расіяй наконт далейшай інтэграцыі назваў "зусім справядлівай".

"Расія — гэта не проста для нас краіна, — гаварыў патэнцыйны кандыдат. — Мы звязаны вельмі-вельмі доўгай сумеснай гісторыяй. Яна ідзе значна далей, чым калі Вялікае княства Літоўскае стала часткай Расійскай імперыі. Значна далей!". Ён мяркуе, што ў нашай краіны мусяць быць "асаблівыя адносіны з Расіяй". Пры гэтым не адмаўляе неабходнасць кантактаў з ЗША і ЕС.

Валерый Цапкала згадаў Францыска Скарыну і іншых беларускіх асветнікаў, іх дзейнасць і яе значэнне. "Беларусы больш унеслі ў развіццё рускай мовы, чым Маскоўскае княства", — такую выснову зрабіў ён.

"На ўзроўні псіхалагічных стэрэатыпаў мы не адчуваем розніцу з рускімі", — развіваў тэму Цапкала. Прыгадаў, як вучыўся ў Маскве і "ні разу не адчуваў на падсвядомым узроўні, што [расіянін —] гэта чужы чалавек". У кантактах з амерыканцамі ён такое адчуваў, а вось з рускімі і ўкраінцамі — не.

Выказаўся палітык і наконт моўнага пытання ў Беларусі. Ён лічыць, што і далей мусяць быць дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Цапкала: "Руская мова — наш здабытак, мы шмат у яе развіццё ўклалі". Нешта падобнае раней даводзілася чуць ад Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі