Цела памерлага палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна аддалі сваякам
Алесь Пушкін. Вішнева, 2014 год / https://www.facebook.com/ales.pushkin
Цела памерлага палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна аддалі сваякам. Чакаецца, што 12 ліпеня яго перавязуць у вёску Бобр Крупскага раёна Мінскай вобласці, дзе жыве яго сям'я, паведамляе Радыё Свабода.
Пра смерць у Гродне ўначы 11 ліпеня ў "рэанімацыі пры невысветленых абставінах" Алеся Пушкіна ў аўторак паведаміла ў Facebook яго жонка Яніна Дэмух. Мяркуецца, што ў турме яму своечасова не аказалі медыцынскую дапамогу — у Алеся была прабадная язва, якая выклікае востры боль. У бальніцу яго прывезлі запозна, "фактычна паміраючага".
30 сакавіка 2022-га Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму за яго творчасць. Восенню мінулага года адміністрацыя калоніі вырашыла ўзмацніць пакаранне — на паўтара года Алеся Пушкіна перавялі ў турму № 1 у Гродне.
Алесю Пушкіну было 57 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.