Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна на 1,5 года пераводзяць у турму
Алесь Пушкін за кратамі / https://www.facebook.com/ales.pushkin
Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна на 1,5 года пераводзяць у турму. Як піша @prisoners_spring96, такое рашэнне 11 лістапада прыняў суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч. Пакуль невядома, дзе Пушкін будзе адбываць гэты тэрмін.
Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка мінулага года. 30 сакавіка 2022-га яго асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Мастака прызналі вінаватым у "наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб" і ў "здзеку з дзяржаўных сімвалаў". Падставай для абвінавачанняў сталі карціны з цыклу "Беларускі супраціў" і перфоманс, які ён правёў у Кіеве. Вяртаючыся з Украіны ў Беларусь, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме пачалі крымінальную справу.
У красавіку сёлета Алеся Пушкіна адправілі ў папраўчую калонію № 22 у Івацэвіцкі раён ("Воўчыя норы"). Летам стала вядома, што палітвязня пакаралі пяццю месяцамі ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу). Восенню адміністрацыя калоніі вырашыла ўзмацніць яго пакаранне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.