Сталі вядомыя падрабязнасці пра прычыны смерці Алеся Пушкіна
Алесь Пушкін / Еўрарадыё
Сталі вядомыя падрабязнасці пра прычыны смерці палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у турме яму своечасова не аказалі медыцынскую дапамогу, піша MOST са спасылкай на сваю крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.
У Алеся Пушкіна была прабадная язва, якая выклікае востры боль. "Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна паміраючага, — расказвае крыніца. — У яго быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і паліорганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне".
Адзначаецца, што звычайна, калі ўзнікае востры боль праз язву, у чалавека ёсць некалькі сутак, каб звярнуцца да лекараў і атрымаць своечасовую медадапамогу — робіцца аперацыя. У адваротным выпадку развіваецца перытаніт, а пасля будзе сэптычны шок. "Яго проста забілі ў турме, па-іншаму я гэта не назаву, — кажа суразмоўца выдання. — Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме па дапамогу, таму што такая клінічная карціна выклікае востры боль. Ён павінен быў адчуваць моцныя пакуты, гэта як кінжал у жываце".
Прычынай узнікнення язвы магло быць і турэмнае харчаванне, і неаказанне медыцынскай дапамогі.
Пра смерць уначы 11 ліпеня ў "рэанімацыі пры невысветленых абставінах" Алеся Пушкіна ў аўторак паведаміла ў Facebook яго жонка Яніна Дэмух. 30 сакавіка 2022-га Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму за яго творчасць. Восенню мінулага года адміністрацыя калоніі вырашыла ўзмацніць пакаранне — на паўтара года Алеся Пушкіна перавялі ў турму № 1 у Гродне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.