"Цэнтр новых ідэй" склаў рэйтынг гарадоў Беларусі — ад Мінска да Светлагорска
Найлепшым для пражывання горадам у Беларусі з'яўляецца Мінск. Апошняе месца ў рэйтынгу вялікіх гарадоў займае Светлагорск.
Рэйтынг гарадоў склаў "Цэнтр новых ідэй". Для яго былі ўзятыя гарады з насельніцтвам ад 50 тысяч чалавек — у іх жыве дзве траціны насельніцтва краіны.
"Наіўна кажучы, найлепшы горад — гэта такі, у якім хочацца правесці ўсё жыццё", — патлумачылі стваральнікі.
Ацэнка рабілася па дваццаці паказчыках. Ацэньваліся такія сферы, як дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця, празрыстасць кіравання, турыстычная прывабнасць.
"У практыцы большасць гарадоў знаходзяцца ў ценю Мінска ці Гродна ды ззяюць на фоне Оршы. Гэта ззянне, аднак, не варта перабольшваць, паколькі быць лепшым за Оршу не так і складана", — канстатуюць аўтары рэйтынгу.
Натуральна, першае месца займае Мінск. Утройку лідараў увайшлі таксама Гродна і Брэст. Дарэчы, чацвёртае месца займае не абласны цэнтр, а Салігорск.
Замыкаюць рэйтынг Орша, Рэчыца, Бабруйск і Светлагорск.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.