"Чаму Аляксееву можна, а нам не?" Чуеш розніцу ў песнях?
Фіналісты беларускага адбору на "Еўрабачанне-2018" напісалі ліст у Белтэлерадыёкампанію з патрабаваннем дыскваліфікаваць Мікіту Аляксеева з-за парушэнняў рэгламенту конкурсу. Яны пагражаюць не падпісаць дамову "на ўдзел у фінальнай частцы нацыянальнага адбору да моманту прыняцця БТРК сумленнага і справядлівага рашэння".
"У свой час Аляксандра Саладуху не дапусцілі да адбору, калі даведаліся, што яго песня гучала раней. Чым жа асаблівы Аляксееў, што заплюшчваюць вочы на парушэнні? — абураецца прадзюсар фіналістаў Napoli i Alen Hit Аляксандр Слуцкі. — Вось усе параіліся, і напісалі ліст, адправілі асабіста кіраўніку адбору Вользе Шлягер. Калі Аляксееў застанецца ў фінале, зразумела, што ён ужо пераможца і ўвесь гэты адбор — фарс. Навошта тады астатнім траціць грошы на падрыхтоўку нумара? Калі не пачуем зразумелых адказаў, заўтра падчас лёсавання выканаўцы здымуць свае заўяўкі".
Артысты апелююць да таго, што Alekseev двойчы парушыў рэгламент беларускага адбору. Маўляў, яго конкурсная песня "Forever" — перакладзеная на англійскую мову і нязначна пераробленая песня "Навсегда". Прэм'ера адбылася яшчэ ў траўні 2017-га года — за некалькі месяцаў да таго, як яе можна публічна выконваць і камерцыйна рэалізоўваць. Апроч таго, песня гучыць на шэсць секунд даўжэй, чым гэта дазваляе палажэнне аб конкурсе. Гэтым самым, лічаць беларускія выканаўцы, Аляксееў "увёў аргкамітэт у зман".
Падчас першага этапу нацыянальнага адбору ALEKSEEV запэўніваў журналістаў, што песня "Forever" не мае ніякага дачынення да песні "Навсегда":
"Песня "Forever" упершыню была выкананая тут, 5 хвілін таму. У мой Дзень нараджэння 18 траўня паказалі урывак песні "Навсегда". Але гэта песня з іншай мелодыяй, іншай гармоніяй і абсалютна іншым тэкстам. Чаму з'явіліся падобнага кшталту размовы, я не маю паняцця", — сказаў музыка ў інтэрв'ю Еўрарадыё.
У адказ на патрабаванне дыскваліфікаваць украінца менеджмент гурта распаўсюдзіў заяву, дзе яшчэ раз гаворыцца, што гэта дзве розныя песні. Піяр-менеджар і каардынатар Alekseev у Беларусі Сяргей Андрыянаў не выключае, што разбірацца з сітуацыяй будуць вымушаны юрысты:
"Мы сцвярджаем, што версія, выкананая на травеньскіх канцэртах, не з'яўляецца ні па музыцы, ні па словах тым творам, які мы прадставілі для адбору на Еўрабачанне-2018. І гэта пацвярджаюць дамовы з рознымі аўтарамі гэтых двух твораў. Упэўненыя, што гэты момант можна даказаць, разабраўшы гэтыя дзве песні (раяльную канцэртную версію "Назаўжды" і конкурсную "Forever") па нотах і ўбачыць розніцу. Мы лічым, што далейшае разбіральніцтва па гэтых пытаннях павінна перайсці ў юрыдычную плоскасць. Разумеем, што ні Белтэлерадыёкампанія, ні EBU не дапусцяць ніякага парушэння ў рэгламенце і прымуць юрыдычна абгрунтаванае рашэнне".
У прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі адказваюць каротка:
"Мы працягваем разбірацца ў сітуацыі, працягваем праводзіць праверку фактаў. Гэта пытанне не аднаго дня. Як толькі ў нас будзе каментарый, мы яго агучым".
16 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі пройдзе лёсаванне фіналістаў. Сам фінал прызначаны на 16 лютага.