Чаму беларускія і ўкраінскія мігранты ўсё радзей едуць у Расію

Кадр з відэа / "Медиасеть"
Кадр з відэа / "Медиасеть"

Расійскі інстытут міграцыйнай палітыкі апублікаваў даследаванні аб міграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы, ад распаду СССР да сённяшняга дня. Адзін з галоўных трэндаў апошніх гадоў для беларускіх і ўкраінскіх мігрантаў — пераарыентацыя з Расіі на Польшчу і іншыя еўрапейскія краіны.

Расія доўгі час была асноўным напрамкам для мігрантаў на постсавецкай прасторы. Беларусаў і ўкраінцаў прыцягвалі і да гэтага часу прыцягваюць аблегчаны парадак знаходжання і пражывання, магчымасць афармлення віду на жыхарства, тэрытарыяльная блізкасць, адсутнасць моўнага бар'ера і адносна высокія зарплаты, асабліва для беларусаў (беларусы ў Расіі ў сярэднім атрымліваюць $620, украінцы — $480).

Пераломны 2014

2014 год стаў пераломным для міграцыі на постсавецкай прасторы.

Пасля анексіі Крыма і разгортвання ваенных дзеянняў на Данбасе многія ўкраінцы перасталі ездзіць у Расію па палітычных і эканамічных меркаваннях. Хоць пасля 2014-га міграцыйны паток з Украіны значна ўзмацніўся, зноў жа з-за ваенных дзеянняў і цяжкага эканамічнага становішча, асноўны кірунак гэтага патоку змяніўся.

У лістападзе 2014 года ў Расіі знаходзіліся 2,6 мільёна грамадзян Украіны, да лістапада 2018-га іх колькасць знізілася да 1,98 мільёна. Часткова гэта можна растлумачыць атрыманнем расійскага грамадзянства, але галоўная прычына — усё больш украінцаў сталі з'язджаць на заробкі ў Польшчу і іншыя еўрапейскія краіны. На выбары краіны прызначэння адбіліся не толькі палітычныя прычыны, але і змены ў эканамічнай сітуацыі Расіі.

Эканоміка-фінансавы крызіс 2014–2015 гадоў, што пацягнуў за сабой зніжэнне заробкаў, падзенне курса рубля і памяншэнне колькасці рабочых месцаў, вымусіў мігрантаў шукаць іншыя варыянты. Украінскія і беларускія працоўныя мігранты ўсё больш арыентуюцца на Еўропу, асабліва на Польшчу.

Крызіс паўплываў нават на цэнтральнаазіяцкую міграцыю ў Расію — самую буйную па маштабе (цяпер у Расіі 4 мільёны мігрантаў з Кыргызстана, Узбекістана і Таджыкістана) і самую "прыкметную" міграцыю (менавіта мігрант з Цэнтральнай Азіі стаў сімвалам працоўнай міграцыі ў Расіі). У 2014-м міграцыя з Цэнтральнай Азіі ў Расію знізілася на 20–25 %, але да 2018 года, праўда, амаль цалкам аднавілася, у адрозненне ад украінскай і беларускай.

Почему белорусские и украинские мигранты всё реже едут в Россию
Таджыкскія працоўныя мігранты разгружаюць капусту на агароднінным рынку на ўскраіне Масквы 11 лістапада 2011 года / Reuters

Польшча — магніт для працоўных мігрантаў

Пасля 2014 года ўсё больш украінцаў і беларусаў накіроўваецца ў Польшчу. З Украіны ў Польшчу ў 2016–2017 гадах штогод прыбывала па 200–300 тысяч украінцаў. Колькасць беларускіх мігрантаў таксама расце — у 2017 годзе польскія консульствы ў Беларусі выдалі больш за 35 тысяч працоўных віз, у два разы больш, чым у 2016 годзе.

Важным фактарам, які ўзмацняе прывабнасць Польшчы для ўкраінцаў і беларусаў, сталі змены ў польскім законе аб працаўладкаванні, якія ўступілі ў сілу ў студзені 2018 года. Закон дапускае выдачу дазволу на працаўладкаванне з мэтай выканання сезонных работ на тэрмін да 9 месяцаў для грамадзян шасці краін "Усходняга партнёрства", у тым ліку украінцаў і беларусаў. Аформіць гэты дакумент значна прасцей, чым звычайны дазвол на працу. Акрамя таго, польскі работадаўца можа прыняць працоўнага мігранта на сезонную працу адразу пасля падачы неабходных дакументаў і не чакаць афіцыйнага рашэння.

Толькі за першае паўгоддзе 2018-га ўкраінцы атрымалі 110 тысяч дазволаў на працу ў Польшчы. Больш за паўмільёна ўкраінцаў плацяць узносы ў фонд сацыяльнага страхавання Польшчы.

Пераводы мігрантаў у пяць разоў большыя за замежныя інвестыцыі

Большасць украінцаў і беларусаў пакідаюць сваю краіну ў пошуках працы і годнага заробку. Значную частку заробленых грошай мігранты адпраўляюць сваім сем'ям на радзіму. Грашовыя пераводы мігрантаў — важкая частка ВУП краін постсавецкай прасторы, асабліва Украіны. Гэты працэнт з кожным годам расце.

У Беларусі пераводы эмігрантаў — гэта 2,2 % ВУП, па даных 2017 года. Гэта ў два разы больш, чым у 2008-м. Ва Украіне грашовыя пераводы мігрантаў у 2017-м склалі 10,8 % ВУП краіны. Гэта амаль у тры разы больш, чым у 2008-м. Прычым афіцыйныя грашовыя пераводы — толькі частка фактычнага аб'ёму сродкаў, што паступаюць у краіну ад эмігрантаў. Па-за улікам застаюцца сродкі, што накіроўваюцца па нефармальных каналах.

За першыя сем месяцаў 2018 года працоўныя мігранты пералічылі ва Украіну 6,35 мільярда долараў — гэта ў пяць разоў больш, чым прамыя замежныя інвестыцыі ў краіну за гэты час. Траціна ўсіх грашовых пераводаў мігрантаў накіроўваецца ў Беларусь з Польшчы, на другім месцы ўсё яшчэ Расія (14,6 %).

Почему белорусские и украинские мигранты всё реже едут в Россию
Варшаўскія хмарачосы ўзводзяць у тым ліку і працоўныя мігранты з Беларусі і Украіны / JAMnews

Вострае пытанне

Пытанне міграцыі востра стаіць і для Украіны, і для Беларусі. За апошнія 15 гадоў насельніцтва Украіны скарацілася на 10 мільёнаў чалавек — да 42,3 мільёна чалавек, не ўлічваючы насельніцтва Крыма (даныя Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны ўлічваюць жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей, але не ўключаюць жыхароў Крыма). Прычым пасля распаду СССР першыя пару гадоў насельніцтва Украіны расло — у Беларусь накіраваліся людзі з расійскай Поўначы, Далёкага Усходу і Казахстана, на радзіму з іншых рэспублік вярталіся этнічныя ўкраінцы і крымскія татары. Але ў сярэдзіне 90-х з-за складанай эканамічнай сітуацыі насельніцтва пачало хутка скарачацца, а ў 2014 годзе страта насельніцтва набыла велізарныя маштабы.

У Беларусі тэндэнцыя змяншэння насельніцтва не настолькі крытычная, але таксама сур'ёзная. Як і ва Украіне, насельніцтва Беларусі пасля 1991 года павялічвалася, але тэндэнцыя змянілася ў сярэдзіне 90-х. У пачатку 2018-га ў Беларусі пражывала 9,5 мільёна чалавек, за 15 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася на 700 тысяч.

Калі паказчыкі міграцыі, нараджальнасці і працягласці жыцця застануцца нязменнымі, то да 2050 года ва Украіне застанецца толькі 32,9 мільёна жыхароў, у Беларусі — 8,5 мільёна.

Святлана Казлова, “Медиасеть”

Матэрыял падрыхтаваны на аснове даследаванняў Ірыны Лапшыной і Сяргея Абашына, зробленых на заказ Інстытута міграцыйнай палітыкі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі