Чаму беларускія памідоры даражэй за турэцкія і іспанскія?
На Мінскай фабрыцы гародніны сцвярджаюць, што нашы тэхналогіі не дазваляюць вырошчваць танныя памідоры, але запэўніваюць, што беларускія таматы — самыя чыстыя
У інтэрнэце зноў пачалі абмяркоўваць адвечную тэму, чаму беларуская
гародніна каштуе даражэй за імпартную. Еўрарадыё даведалася, чаму
памідоры, прывезеныя з-за мяжы, каштуюць менш за беларускія.
Сёння на Камароўскім рынку можна купіць памідоры на любы густ — з
Турцыі, Іспаніі, Італіі, Узбекістана… Кошты вар'іруюцца ад 6 да 50
тысяч. Прадаўцы запэўніваць, што бяруць усе, нават па 50 тысяч. І
наогул, галоўнае не цана, а якасць.
Прадавачка: "Цэны такія, як і паўсюль. Галоўнае якасць захаваць, а
кошты ж ёсць розныя, можна пакласці шырспажыў — і цана будзе ніжэй".
Але пакупнікі скардзяцца, што ўзімку купляць памідоры дорага.
Пакупніца: "Іх хіба толькі дзеля прыгажосці купляюць, таму што дорага".
Самыя танныя памідоры — турэцкія. Іх на Камароўцы хоць адбаўляй, каштуюць яны па 7 тысяч за кілаграм…
А вось з беларускімі памідорамі не ўсё так гладка. Калі мы казалі, што
хочам набыць менавіта айчынныя таматы, на нас дзіўна глядзелі —
маўляў, якія памідоры зімой:
"Памідора беларускага ўвогуле няма, па ўсёй Беларусі! Гэта, можа,
імпартныя бяруць, а пішуць, што беларускія. Не працуем мы з
беларускімі, бо іх і няма нідзе".
Тым часам у крамах беларускія памідоры ёсць. Каштуюць, праўда, даражэй за турэцкія і іспанскія — 11770 рублёў за кілаграм.
Зімой вырошчваюць памідоры на Мінскай фабрыцы гародніны.
"У нас лістапад, снежань, студзень ідуць памідоры. Мы пабудавалі новую
цяпліцу, якая дазваляе нам вырабляць памідоры ў зімовы перыяд. Гэта наш
першы досвед", — расказаў Еўрарадыё галоўны эканаміст фабрыкі.
Калі вы хочаце танных памідораў, трэба чакаць лета — нашыя тэхналогіі не дазваляюць вырабляць недарагія таматы, кажа эканаміст.
Які сэнс у такім разе вырошчваць свае памідоры, калі можна купляць
танныя турэцкія? У інтэрнэце з'яўляліся жартаўлівыя каментары кшталту:
"Дзе рэпартажы пра жахлівыя атручэнні імпартнымі памідорамі? Дзе
перадачы пра карыснасць зялёных таматаў?"
Галоўны эканаміст фабрыкі гародніны на гэтую тэму не жартуе. Кажа, калі вам не важна вашае здароўе — можна купляць і імпартныя:
"У нас свая акрэдытаваная лабараторыя, у нас вельмі строга
вытрымліваюцца ўсе тэхналогіі, выкарыстоўваюцца толькі дазволеныя
прэпараты, толькі біялагічныя сродкі абароны — а яны нятанныя.
У нас сёння самы чысты тамат, самы чысты агурок, самая чыстая
прадукцыя. Што з Турцыі прыязджае… вы самі разумееце. Мы ў краму
адгружаем чыстую, прыстойную, як належыць, прадукцыю".
На скаргі пра тое, што памідоры жаўтаватыя і цвёрдыя, кажа, што так трэба паводле стандарту:
"Чыста чырвоны тамат — ён расціскаецца, ён нават згодна з тэхналогіяй
збору не павінен быць мяккім. Калі мы іх адгружаем, яны маюць той
выгляд, які неабходны паводле стандарту".
Фота: http://photo.bymedia.net