Чаму льготы скасавалі дэпутаты, а адрасную дапамогу верне ўказ прэзідэнта?

Як даведалася Еўрарадыё, дэпутаты парламента дагэтуль нічога не ведаюць пра змест указа прэзідэнта аб адраснай сацыяльнай дапамозе, аднак гэта іх не засмучае.
Указ аб адраснай сацыяльнай падтрымцы ўжо шосты месяц ляжыць непадпісаны на стале прэзідэнта. Закон аб адмене льготаў быў прыняты парламентам яшчэ 23 траўня. На гэтым тыдні прэзідэнт перанес нараду па льготах з 6 на 12 лістапада.

Еўрарадыё зацікавілася: чаму рашэнне пра адмену льготаў прымалася законам, праз парламент, а рашэнне, каму даваць адрасную сацыяльную дапамогу, будзе фактычна залежаць ад подпісу аднаго чалавека пад указам прэзідэнта?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч запэўнівае нас, што гэта нармальная практыка. Так пытанне будзе вырашана нашмат хутчэй:

“Што значыць прыняць штосьці ў парламенце? Гэта трэба прайсці кучу працэдураў, прыйсці ў парламент, каб зацвердзіць закон… Прынялі закон, праз месяц адбываецца якое-небудзь пазаштатнае падаражэнне энерганосьбітаў — і што, зноў на парламент выходзіць?

Выканаўчая ўлада хутчэй рэагуе на любыя змены, што тычыцца сацыяльных пытанняў. У Расіі, калі праходзіла манетызацыя льгот, таксама прымалася рашэнне на ўзроўні выканаўчай улады, без Дзярждумы…”

Зазначым, што прыклад з манетызацыяй ільгот у Расіі - не самы ўдалы. Можа, менавіта таму што ўлады тады абмінулі парламент, з манетызацыяй і адбыліся такія непрыемнасці.

Таксама незразумела, пра якую аператыўнасць кажа дэпутат. Апошняе паседжанне працоўнай групы па праекце ўказа аб адраснай дапамозе адбылося яшчэ ў ліпені. А прэзідэнт усё ніяк не можа падпісаць. Магчыма, гэта будзе зроблена пасля нарады, але кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі пакуль інфармацыю пра 12 лістапада не пацвярджае:

“Я магу з 100% адказнасцю сказаць, што заўтра нарады не будзе, і паслязаўтра таксама. А пра тое, ці адбудзецца нарада 12 чысла, я скажу вам 11-га, калі вы мне патэлефануеце”.

Дэпутат Вольга Абрамава зазначае, што праект указа яна бачыла летам. А паколькі яна не ўваходзіць у лік яго распрацоўшчыкаў, то нічога не ведае і пра змест дакумента.

“Я настойвала на неабходнасці адпаведнага закону, але выканаўчай уладай было прынята рашэнне відазмяніць падыход і зрабіць адпаведны ўказ прэзідэнта”.

Дэпутат лічыць, што дзяржава пойдзе па шляху павышэння заробкаў і пенсій, як “кампенсацыю” льгот. Па больш канкрэтную інфармацыю Еўрарадыё звярнулася да дэпутатаў, якія ўваходзілі ў камісію па распрацоўцы праекта. Аднак і там развялі рукамі, маўляў, нічога не ведаем….

Дэпутат Марыя Худая сёння нават не памятае, якія прапановы яна ўносіла:

“Папраўкі? Гэта ж рабочая камісія працавала тут… Я ўжо нават і не памятаю…”

Другі дэпутат Ірына Аляксанава – памятае, але не ведае, якія з іх будуць улічаны. Гэта не дзіва, бо апошні раз яны удзельнічалі ў нарадзе ў ліпені!

Цікава, што былы член Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў памятае, што Аляксандр Лукашэнка ўжо спрабаваў адмяніць ільготы ў 1995 годзе. Але тады ўказ прэзідэнта Канстытуцыйны суд прызнаў неадпаведным Канстытуцыі:

“Канстытуцыйны суд паказаў, што прэзідэнт не мае права адмяняць сваімі ўказамі льготы і перавагі, усталяваныя для асобных грамадзянаў законамі”.

Па меркаванні Пастухова, зараз прэзідэнт пераклаў адказнасць за прыняццё “непапулярнага рашэння” на дэпутатаў (якія скасавалі льготы), а цяпер нібыта выступае ў ролі дабрадзея (вяртае льготы сваім указам):

“Прэзідэнт разумее, што перагнуў палку, і ён як бы спрабуе часткова змякчыць наступствы рэалізацыі такога закону.

Калі льготы скасоўваюцца законам, то і адрасная дапамога альбо кампенсацыя павінны ўсталёўвацца законам. У нас жа атрымоўваецца, што законам адабралі льготы, а ўказам яны будуць часткова кампенсаваны”.

Тым не менш, фармальна прычапіцца да ўказа цяжка. Былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Валеры Фадзееў нагадвае, што пасля ўнясення зменаў у Канстытуцыю ў 96-м годзе акты прэзідэнта прыраўніваюцца да законаў:

“Канешне, праблема існуе – аб адмене мы прымаем закон, а аб выдзяленні дапамогі – указ. Але зыходзячы з сістэмы сённяшняй законатворчасці ў Беларусі, указы і дэкрэты прэзідэнта прыраўноўваюцца да законаў, так што фармальна тут ні да чаго не прычэпішся”.

Якім будзе указ аб адраснай падтрымцы, і дэпутаты, і народ даведаюцца недзе 12 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі