Чаму не блакуюць сайт, уладальніка якога вінавацяць у распальванні варожасці?

Чаму не блакуюць сайт, уладальніка якога вінавацяць у распальванні варожасці?

Супраць блогера з Гродна Эдуарда Пальчыса следчыя распачалі дзве крымінальныя справы: за распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці і за распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў. Размяшчаў гэтыя матэрыялы Пальчыс, па версіі следства, на сайце 1863x.com, адміністратарам якога, нібыта, і з’яўляўся.

Як даведалася Еўрарадыё, распальванне варожасці і распаўсюджванне парнаграфіі эксперты знайшлі не ў адным ці двух матэрыялах альбо фотаздымках на сайце, а ў шэрагу.

“Тут гаворка пра шмат тэкставых артыкулаў, плюс — выявы, — тлумачыць прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. — Бываюць злачынствы, працяглыя па часе. І калі адбываецца збор доказнай базы, то дакументуецца ўсё, што ў гэты час адбывалася. Адпаведна, па іх прызначаецца экспертнае даследаванне. Такім чынам, там не будзе так — адна выява, і ўсё. Трэба даказаць наўмысныя дзеянні”.

Атрымліваецца, каб пазбегнуць далейшага “распальвання расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці”, а тым больш – распаўсюджвання парнаграфіі, не дастаткова зняць з сайта адзін матэрыял. Толькі поўная блакіроўка сайта можа ўратаваць наведвальнікаў. Але сайт 1863x.com і сёння адчыняецца. Чаму?

Юлія Ганчарова адказу на гэта пытанне не дае. Звяртаюся ў Міністэрства інфармацыі — менавіта яны займаюцца блакаваннем сайтаў.

“Усё залежыць ад прычын блакіроўкі: гэта можа быць альбо рашэнне суда, альбо — накіраванае паведамленне”, — адказвае Еўрарадыё начальнік прававой і кадравай працы Мінінфармацыі Вікторыя Мялешка.

Сайт www.1863x.com не блакуецца, бо “паведамленне” ад праваахоўнікаў Мінінфармацыі не атрымлівала. Чаму следчыя яго не накіравалі?

Юлія Ганчарова: “Следства не накіроўвала дакументаў аб забароне дзейнасці сайта таму, што вызначэнне вінаватасці альбо невінаватасці канкрэтнай асобы — прэрагатыва суда. У матэрыялах крымінальнай справы размова ідзе не пра ўсе публікацыі і матэрыялы сайта”.

А калі справа дойдзе да суда, ніхто дакладна сказаць не можа.

Нагадаем, у 2015 годзе экспертыза выяўляе на сайце 1863x.com матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці або розні, а таксама выявы парнаграфічнага зместу. З Эдуарда Пальчыса, вядомага ў інтэрнэце, як Джон Сільвер, следчыя бяруць падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Але ў кастрычніку 2015 года ён выязджае за межы Беларусі і яго аб'яўляюць у міждзяржаўны вышук. 23 студзеня Пальчыса затрымліваюць пры перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Да 26 траўня 25-гадовы ўраджэнец Гродзенскай вобласці знаходзіўся ў Бранскім СІЗА. Пасля чаго яго экстрадуюць у Беларусь. Цяпер Эдуард Пальчыс знаходзіцца ў следчым ізалятары на Валадарскага ў Мінску. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі