Чаму ў Авальнай зале не прагучала пытанняў пра “справу Белага легіёна”?

Чаму ў Авальнай зале не прагучала пытанняў пра “справу Белага легіёна”?

На 19 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў абвяшчаецца выступ старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Згодна з праграмай пасяджэння, ён прадстаўляе праект закона “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях барацьбы з тэрарызмам”. Для журналістаў жа гэта добрая магчымасць задаць старшыні пытанні наконт так званай “справы Белага легіёна”.

Але чаканні журналістаў не спраўджваюцца: замест Валерыя Вакульчыка ў парламент прэзентаваць распрацаваны Камітэтам дзяржбяспекі законапраект прыходзіць першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргіенка.

Cпецслужбы прапаноўваюць прыраўняць да фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і караць за “фінансаванне праезду да месца навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці”. Таксама закон “Аб барацьбе з тэрарызмам” прапануецца дапоўніць тэрмінам “крытычна важныя аб’кты”. Гэта такія аб’ёкты “сацыяльнай, вытворчай, інжынерна-транспартнай, энергетычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і іншай інфраструктуры, парушэнне дзейнасці якіх у вынікаў актаў тэрарызму могуць спрыяць дэстабілізацыі грамадскага парадку і дасягненню іншых мэтаў тэрарызму”.

Дэпутаты задаюць усяго два пытанні: “Што падштурхнула распрацоўшчыкаў законапраекта ўводзіць тэрмін “крытычна важныя аб’екты?” і “У чым была неабходнасць карэктаваць палажэнне аб вызначэнні арганізацыі тэрарыстычнай?”.

На першае пытанні прадстаўнік спецслужбы кажа, што гэта такое прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднай практыкай. Дарэчы, крытычнымі прызнаныя ўжо 856 аб’ектаў. Па другім: проста больш падрабязна распісалі працэдуру прызнання арганізацыі тэрарыстычнай.

Пры адным голасе супраць праект закона прымаецца ў першым чытанні і першы намеснік старшыні КДБ спакойна садзіцца на сваё месца. А потым гэтак жа спакойна спрабуе сысці з Авальнай залы праз “задні выхад”. Журналісты ловяць Ігара Сяргеенку на іншым паверху. Праўда, гэта не дапамагае ― ахоўнік не дае магчымасці да яго наблізіцца.

Па шчырасці, гэта было хоць і непрыемна, але чакана ― журналістам магчымасці распытаць прадстаўніка КДБ не даюць. А вось у дэпутатаў усе магчымасці задаць Ігара Сяргеенку любыя пытанні былі. У тым ліку, па такой рэзананснай справе, як “справа Белага легіёна”. У межах якой 22 чалавекі абвінавачваюцца ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаванні. Чаму не задалі?

“Апошняя рэзанансная падзея? Апошняй падзеяй Вялікдзень быў! ― весела адказвае прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Анатоль Хішчанка. ― Вось гэта свята было! А тое, што ты сказаў, “Белы легіён”… Можа, і не актуальна гэта ўжо… Маё меркаванне: гэта нейкае такое не да канца вызначае аб’яднанне, віртуальнае, хутчэй за ўсё”.

― Людзі вельмі невіртуальна ў СІЗА КДБ сядзяць!

― Ведаеш, я ў суботу быў ля Храма Божага на сыходжанні святога агню ― вось, там я адчуў, як усе людзі стаялі локцем да локця: і палякі, і рускія, і беларусы, і палестынцы, і арабы. Вось гэта ― так! А што такое вось гэта вось? Гэта ўсё штучна ствараецца. Для чаго толькі, незразумела.

З тым жа пытаннем падыходжу за прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай.

― Ведаеце, я ўсё ж такі спадзяюся на тое, што я атрымаю адказ на свой зварот міністру Шуневічу і мы зможам гэтае пытанне вырашыць. Я хачу атрымаць дакладныя адказы, а не… Вы ж бачыце, што часам тут ёсць такая практыка, калі адказваюць на іншыя пытанні, чым былі зададзеныя.

― А нам вельмі часта ў адказ на пісьмовыя звароты прыходзяць пустыя “адпіскі”…

― Будзем спрабаваць нешта змяняць! ― бадзёра адказвае Ганна Канапацкая і сыходзіць.

Лаўлю яшчэ аднаго прадстаўніка “дэмакратычнага лагера” ― Алену Анісім.

“Не прагучала ад мяне пытання на гэты конт таму, што я не падрыхтавалася як след, а задаваць пытанне з ходу ― таксама не справа. Адзінае, што магу сказаць у сваё апраўданне: галасавала супраць гэтага законапраекта!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі