Чаму ўкраінскія ўлады не адважыліся на сілавы разгон сепаратыстаў?

У нядзелю выканаўца абавязкаў кіраўніка краіны Аляксандр Турчынаў папярэдзіў сепаратыстаў — антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе пачнецца ў панядзелак. Але ўвечары таго ж дня кандыдат у прэзідэнты, лідар партыі “Бацькаўшчына” Юлія Цімашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Украіна” выказалася супраць ужывання сілы. І ўжо раніцай заяўленага "дня Х" Аляксандр Турчынаў пачаў казаць не пра сілавы сцэнар, а пра рэферэндум па федэралізацыі.



Ці азначае гэта, што адмова ад сілавога рашэння “пытання сепаратыстаў” на ўсходзе краіны — новы піяр-ход Юліі Цімашэнкі, якому падыгрывае намеснік лідара “Бацькаўшчыны” Аляксандр Турчынаў? Не ўсё так проста, разважае старшыня праўлення Інстытута ўкраінскай палітыкі Косць Бандарэнка.



Косць Бандарэнка:Праводзіць зараз антытэрарыстычную аперацыю на ўсходзе — смерці падобна. Бо мы рэальна можам згубіць усход, згубіць вялізную колькасць людзей, жывой сілы. І ў гэтай сітуацыі Цімашэнка выступае як рэаліст. Але Турчынаў знаходзіцца пад ціскам з боку Злучаных Штатаў, якія фактычна патрабуюць правядзення сілавой аперацыі”.



Паводле інфармацыі суразмоўцы Еўрарадыё, у пятніцу і суботу Украіну інкогніта наведаў шэф ЦРУ, які настойваў на правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі. І яна пачалася ў нядзелю. Праўда, байцы антытэрарыстычнага падраздзялення СБУ абмежаваліся тым, што толькі паказаліся на ўскрайку захопленага сепаратыстамі Славянска. А ўжо ў панядзелак Турчынаў змяніў баявую рыторыку на размовы пра рэферэндум. І піяршчыкі Цімашэнкі тут ні пры чым, упэўнены Косць Бандарэнка. Палітолаг нагадвае, што ад пачатку яна зрабіла стаўку на постмайданаўскі электарат, гатовы ваяваць на ўсходзе з сепаратыстамі.



Косць Бандарэнка: “Але цяпер яна разумее, што, калі будзе пачатая антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе, то не можа быць размовы пра нейкія выбары і ўвогуле не будзе ісці размовы пра захаванне дзяржавы, прэзідэнтам якой яна захацела б стаць”.



Дэ-юрэ антытэрарыстычная аперацыя не адмененая, але дэ-факта яна не праводзіцца, пагаджаецца з калегам Дырэктар цэнтра палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімір Фясенка. І Юлія Цімашэнка тут ні пры чым.



Уладзімір Фясенка: “Гэта звязана з аб’ектыўнай ацэнкай сітуацыі — у новай украінскай улады няма цяпер рэальных сілавых магчымасцяў правесці маштабную сілавую аперацыю на тэрыторыі, дзе абсалютная большасць насельніцтва яе не падтрымлівае”.



Іншая справа — неабходна, каб рэферэндум на ўсходзе адрозніваўся ад “крымскага рэферэндуму”, упэўнены Уладзімір Фясенка.



Уладзімір Фясенка: “Рэферэндум неабходна праводзіць, і пра гэта трэба дамаўляцца такім чынам, каб здавалася зброя, каб была магчымасць забеспячэння нармальнага галасавання, каб рэферэндум праходзіў не так, як у Крыме — не пад дуламі аўтаматаў”.



Сітуацыя складваецца такім чынам, падводзяць вынік палітолагі, што сёння ніводзін удзельнік прэзідэнцкай гонкі не павінен павышаць свой рэйтынг заявамі пра сілавы сцэнар на ўсходзе.



Уладзімір Фясенка: “Калі зараз вырашаць праблемы, зыходзячы з гонкі прэзідэнцкіх рэйтынгаў, то мы згубім краіну. Не пра рэйтынгі трэба думаць, а пра тое, як выйсці з крызісу. Зараз неабходныя гнуткія палітычныя рашэнні, а не ваяўнічая рыторыка, шашкі нагала і наперад “На Данбас!”.



Да ўсяго, упэўнены Косць Бандарэнка, нягледзячы на тое, што Юлія Цімашэнка бярэ ўдзел у пасяджэннях Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, нельга казаць, што яна негалосна кіруе сваім намеснікам па партыі Турчынавым і, адпаведна, краінай. Маўляў, ён усё больш праяўляе сябе ў якасці незалежнага палітыка. І цяпер ён лавіруе паміж прыхільнікамі сілавога сцэнару і прыхільнікамі перамоў з сепаратыстамі ў чаканні чатырохбаковага саміту ЕС-ЗША-Расія-Украіна, прызначанага на 17 красавіка.

Фота: www.unian.net, kvedomosti.com, ru.tsn.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі