Чаму зборная Беларусі па футболе жыве ў гатэлі "Robinson club"

Чаму зборная Беларусі па футболе жыве ў гатэлі "Robinson club"

На наступным тыдні ў Мінску пачнуцца зборы нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. Яны будуць праходзіць на базе Акадэміі футбола на праспекце Пераможцаў. Але жыць футбалісты будуць не ў гасцініцы Беларускай федэрацыі футбола, якая знаходзіцца побач, а ў шыкоўным загарадным “Robinson club” на беразе Мінскага мора.

Як так?

У прэс-службе федэрацыі Еўрарадыё патлумачылі, што гэта норма! Нацыянальная зборная заўсёды спыняецца ў “Robinson club”, калі ў падведамаснай АБФФ гасцініцы не хапае месцаў:

"Час збораў нацыянальнай каманды (з 3 па 12 верасня) супадае са зборамі моладзевых камандаў, жаночай зборнай, плюс юнацкія [зборныя] цяпер гуляюць хатнія таварыскія матчы, таму ў адну гасцініцу ўсе не змяшчаюцца, плюс складана ўсіх накарміць. Мінулым разам моладзевая зборная жыла ў іншай гасцініцы. На гэты збор мы вырашылі, што нацыянальную каманду паселяць у “Robinsоn club”, дзе яны жылі да таго, як быў пабудаваны нацыянальны цэнтр".

За кожнай зборнай замацаваная свая запасная гасцініца. У "Robinsоn club"  жыве падчас збораў мужчынская нацыянальная зборная. У той жа час за моладзевымі камандамі замацаваныя больш сціплыя гасцініцы, напрыклад, "Славянская".

Стандартны нумар у “Robinsоn club” каштуе 250 рублёў за суткі. Усе выдаткі на пражыванне гульцоў нацыянальнай зборнай аплачвае Федэрацыя футбола. У прэс-службе распавялі, што з гасцініцамі часцей за ўсё ёсць дамоўленасці, бо футбалістам патрэбныя асаблівыя ўмовы пражывання і харчавання. Але назваць канкрэтныя лічбы Еўрарадыё адмовіліся, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.

Увечары 3 верасня на пляцоўцы каля Нацыянальнага мастацкага музея (вуліца Леніна, 20) будзе прэзентаваная новая форма зборнай Беларусі па футболе. Уваход на мерапрыемства вольны. А 8 верасня беларуская зборная стартуе ў Лізе нацый хатнім матчам з камандай Сан-Марына.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі