Чаму звычайны мінчанін забіў і расчляніў малазнаёмую дзяўчыну

Павел Цыняўскі адмовіўся даваць паказанні на судзе. У клетцы ён сядзіць побач з маці, але канваіры не дазваляюць ім перагаворвацца. Для 26-гадовага беспрацоўнага мужчыны гэта першы судовы працэс — раней Павел не быў судзімы нават за дробныя злачынствы і правапарушэнні.

“Не хацеў уладкоўвацца на працу”

Павел Цыняўскі мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Да арышту актыўна займаўся спортам — дома мае трэнажор, часта ездзіў у роварныя паходы, арганізоўваў іх праз сацыяльныя сеткі. Асноўнай крыніцай прыбытку была кватэра, якую ён здаваў.

“Гэта была мая кватэра, дзе мы жылі да майго другога замужжа. Потым я пераехала, а тую кватэру падарыла сыну. Сын яе здаваў, а жыў са мной і маім новым мужам, сваім айчымам. У яго быў асобны пакой”, — расказвае маці абвінавачанага.

Галіна Цыняўская таксама расказвае суду, што праз нежаданне сына ўладкоўвацца на пастаянную працу ён часта меў канфлікты і з ёй, і з айчымам.

“З айчымам яны аднойчы нават схапіліся за грудкі, настолькі пасварыліся”, — кажа жанчына. Вядома таксама, што на гэтай глебе Цыняўскі аднойчы пагражаў айчыму нажом.

Жанчыны

“Я даволі шмат і часта размаўляю з дзяўчатамі ў сацсетках. У мяне там 1500 сяброў. Мне падабаюцца такія адносіны”, — распавядае сам Цыняўскі следству. І дадае, што даволі часта размовы пераходзілі ў інтымныя адносіны.

“З Юляй Саламацінай мы пазнаёміліся за два тыдні да яе смерці. Перапісваліся, сазвоньваліся. Размаўлялі, у тым ліку, і на вельмі інтымныя тэмы. Але ў той вечар я яе першы раз убачыў, раней мы не сустракаліся”, — расказвае Цыняўскі следчаму.

У другі дзень суда высвятляецца, што незадоўга да забойства Саламацінай Павел Цыняўскі разышоўся са сваёй дзяўчынай. А яшчэ раней нават быў непрацяглы час жанаты. З жонкай на кватэры маці і айчыма пражыў усяго месяц, потым яна сышла.

Алкаголь

“У той вечар я набыў у краме тры бутэлькі гарэлкі. Выпіў большую частку. Не памятаю, колькі, але дакладна больш за палову. Верагодна, выпіў каля літра”, — зачытвае пракурор паказанні Цыняўскага, дадзеныя падчас следства.

Яго маці Галіна кажа, што сын пачаў больш піць у апошні час.

“Раней ён мог выпіць раз на шэсць месяцаў, раз на тры. А потым пачаў часцей. Я сварылася з ім праз гэта”, — расказвае на судзе Галіна Цыняўская.

“Яму нельга было піць! Бо п’яным ён мог нарабіць справаў. І ён гэта ведаў. Гады з тры-чатыры ён увогуле не піў. Ён быў жанаты і ўсё добра было. Але потым яго, відаць, развод падкасіў... Ведаю, што апошнім часам ён пачаў нармальна так ужываць”, — распавядае Еўрарадыё добры знаёмы Паўла Аляксей.

“Я не памятаю, што было ў той вечар. Вельмі мала памятаю. Як парэзаў ёй руку, як душыў, крыху памятаю. Але не памятаю, чаму душыў, з-за чаго. Я шмат выпіў у той вечар”, — тлумачыць Павел следству.

Заблытванне следства

“Няма цела — няма справы”, — такім чынам Павел тлумачыць следству свае дзеянні па знішчэнні трупа Юліі Саламацінай. Ідэю разрэзаць цела балгаркай узяў з кіно. Адтуль жа даведаўся, што нябачныя воку сляды крыві можна заўважыць з дапамогай ультрафіялетавага святла. Цыняўскі нават спрабаваў набыць адмысловую лямпу пасля забойства, каб цалкам вычысціць кватэру ад крыві дзяўчыны.

Пасля яўкі з павіннай у міліцыю Павел доўгі час не прызнаецца ў наўмысным забойстве. Гаворыць, што Саламаціну толькі штурхнуў, а яна ўдарылася галавой і памерла. Толькі пасля доўгага часу ў СІЗА ён, па яго словах, па парадзе сакамерніка расказвае следству новую версію.

Розныя рэчы казаў ён не толькі следству. Маці таксама. Пра тое, што забіў Юлію Саламаціну наўмысна, расказаў ёй толькі пасля некалькіх дзён жыцця ў лесе.

“Я не ведаю, ці дапамагала б сыну спаліць цела, калі б ведала ўсю праўду адразу. Я думала, гэта была выпадковая смерць”, — гаворыць на судзе Галіна Цыняўская.

Меркаванне эксперта, псіхолага Арсеня Валадзько:

“Нам з вамі цяжка цяпер ацэньваць такі ўчынак, гэта можа зрабіць толькі эксперт, які размаўляў з абвінавачаным. Ён можа дакладна сказаць, што рухала Паўлам у момант забойства, знайсці нейкія прычыны, адсачыць іх. Калі агульна з боку ацэньваць, то малаверагодна, што гэта быў толькі стан алкагольнага ап’янення альбо стан афекту. Афект працягваецца некалькі секунд, некалькі хвілін. Часам чалавек пасля гэтага нават застаецца на месцы злачынства, ён не разумее, што зрабіў, не можа нічога планаваць. Стан афекту часта з’яўляецца фактарам, які аблягчае пакаранне”.

Суд над сынам і маці Цыняўскімі працягнецца ў панядзелак 26 студзеня. На працэсе пачнецца допыт сведак. Прысуд па справе забойства Юліі Саламацінай чакаецца бліжэй да сярэдзіны лютага — у справе больш за 10 тамоў, некалькі дзясяткаў сведак. Абвінавачанаму ў забойстве Паўлу Цыняўскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго маці — 2 гады турмы за дапамогу магчымаму забойцы і пашкоджанне пашпарта Юліі Саламацінай.

Фота: Аляксандр Васюковіч, tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі