Чарговыя прысуды па "карагоднай справе" ў Брэсце — калонія і "хімія"

Чарговыя прысуды па "карагоднай справе" ў Брэсце — калонія і "хімія"

15 сакавіка ў Брэсце агучылі прысуды чарговым абвінавачаным па "карагоднай справе" на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў.

Як піша TUT.by, два чалавекі атрымалі рэальныя тэрміны: Аляксей Арцецкі асуджаны на паўтара года калоніі агульнага рэжыму, Дзмітрый Буневіч — на 1 год і 8 месяцаў. Пяць чалавек атрымалі "хімію": Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух — па 2 гады, Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік — па паўтара года ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Генадзь Місюта асуджаны на паўтара года "хатняй хіміі". 

Разгляд спраў Валянціны Жукоўскай і Сяргея Наліўкі будзе праходзіць асобна, бо яны не наведвалі некаторыя пасяджэнні па стане здароўя.

Прысуды першай дзясятцы абвінавачаных па "карагоднай справе" былі агучаныя 25 лютага. Усім падсудным былі прызначаныя розныя тэрміны "хіміі" ды "хатняй хіміі".

Па "карагоднай справе" ў Брэсце праходзяць дзсяткі чалавек. Іх судзяць групамі — прыкладна па дзясятку.

Мірная акцыя пратэсту адбылася 13 верасня 2020 года. Калона дэманстрантаў выйшла на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Там людзі спявалі песні, вадзілі карагоды. Для іх разгону прыехаў вадамёт, пасля гэтага сілавікі сталі затрымліваць пратэстоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі