Асуджаныя па справе клінікі "Новы зрок" просяць аб памілаванні
Марына Баярчук
Былыя супрацоўнікі клінікі "Новы зрок", асуджаныя па крымінальнай справе, разлічваюць на памілаванне. Пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканала "Першы інфармацыйны" сказала галоўная бухгалтарка медцэнтра Марына Баярчук.
Напярэдадні быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе. Заснавальніка клінікі Алега Каўрыгіна, які знаходзіцца за мяжой, завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі.
У прысудзе фігуравалі таксама тры супрацоўніцы клінікі, якія заставаліся ў Беларусі. Галоўную бухгалтарку Марыну Баярчук прызналі вінаватай ва ўхіленні выплаты падаткаў і ўнёскаў у асабліва буйным памеры, а намесніцу дырэктара Алену Варашкевіч і галоўную медсястру Таццяну Ярмольчык — у дапамозе ў здзяйсненні гэтых злачынстваў. Ім прысудзілі ад 3 гадоў 3 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 3 гады.
"Мы вінаватыя. Так, мы, як можам, супрацоўнічаем. Як можам, дапамагаем следству, не ўхіляемся ні ад чаго, таму хочам і просім, каб прынялі да ўвагі нашы дзеянні падчас праверачных дзеянняў, следчых мерапрыемстваў і нас таксама памілавалі", — перадае сайт "Зеркало" словы Марыны Баярчук.
Прысуд у дачыненні да фігурантаў справы "Новага зроку" не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.