Клініку "Новы зрок" вінавацяць у 12-гадовай працы без ліцэнзіі
Клініка "Новы зрок", ілюстрацыйнае фота
Клініку "Новы зрок" вінавацяць у тым, што яна працавала без ліцэнзіі 12 гадоў — з 2011-га. Хаця ліцэнзію Мінздароўя забрала ў яе толькі ў ліпені 2023 года, піша сайт "Зеркало".
Пры скасаванні ліцэнзіі Мінздароўя пазначыла, што клініку пазбаўляюць "з даты яе выдачы" — то бок з 2011 года. Цяпер Камітэт дзяржкантролю вырашыў, што клініка з 2011 па 2023 год працавала незаконна.
Пакуль што КДК пералічыў выяўленыя ў "Новым зроку" парушэнні за 2022 год. Паводл ведамства, за гэты час клініка атрымала 17,06 мільёна рублёў незаконнага даходу. Дэпартамет фінансавай разведкі КДК прызнаў гэта незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Заснавальнік клінікі Алег Каўрыгін мяркуе, што пратаколаў па гэтым артыкуле будзе яшчэ 11 — за кожны год працы ўстановы.
"Гэта значыць, сума вырасце ў 10 разоў. І яна будзе не выплачаная. У кошт гэтага канфіскуюць усё абсталяванне, будынкі і гэтак далей. Як я ўжо казаў, мэта — забраць увесь бізнес, ды яшчэ каб засталіся вінныя", — пракаментаваў Каўрыгін пастанову Дзяржкантролю.
20 сакавіка Эканамічны суд Мінска разгледзіць адміністрацыйную справу супраць "Новага зроку". Санкцыя артыкула, па якім вінавацяць клініку, прадугледжвае не толькі штраф да 500 базавых велічынь, але і канфіскацыю да 100 адсоткаў сумы даходу.
Прадстаўнікі клінікі прысутнічаць у судзе не змогуць. Ліквідатар пад ціскам сілавікоў адмовіўся супрацоўнічаць з "Новым зрокам" — гэта азначае, што ні абараніць сябе ў судзе, ні падаць апеляцыю кіраўніцтва клінікі не зможа.
Як распавядала Еўрарадыё, у красавіку 2023-га клініку "Новы зрок" абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. КДК пачаў крымінальную справу на ўладальніка і чатырох работнікаў медцэнтра. У КДК казалі, што ўласнік клінікі жыў у Літве, а грошы на заробак "у канвертах" перадаваў у Беларусь з-за мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.