Чыноўнікі і чэмпіёны: хто падпісаў праўладны ліст спартсменаў
Некаторыя не могуць выстаяць перад харызмай Лукашэнкі / калаж Еўрарадыё
Спіс тых, хто падпісаўся пад праўладным зваротам спартсменаў, апублікаваны 2 снежня. Да яго шмат пытанняў: колькасць удзельнікаў "скача" туды-сюды, а некаторыя ўжо заявілі пра тое, што ніякага звароту не падпісвалі.
Хто патрабуе "спыніць настойлівыя заклікі да публічнага выказвання палітычных поглядаў" і згуртавацца вакол цяперашняй улады? Пашукалі цікавых персанажаў.
Чэмпіёны за стабільнасць
Сярод падпісантаў ліста — найлепшая тэнісістка Беларусі Арына Сабаленка. Яшчэ ў жніўні яна асуджала гвалт сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў:
— Я не магу паверыць, што ўсё гэта адбываецца ў маёй мірнай роднай Беларусі. Я не магу спаць ужо чацвёртую ноч. Я не магу глядзець на жорсткасць у дачыненні да людзей, якія безабаронныя. Навошта? Калі ласка, спыніце гвалт!!! Беражыце сябе і сваіх блізкіх, мае дарагія беларусы.
У кастрычніку Арына заявіла, што не будзе займаць нічыю пазіцыю. Зараз жа, мяркуючы па ўсім, заняла.
Іншая падпісантка — вяслярка-байдарачніца Марына Літвінчук. Яе палітычныя погляды ніколі не былі сакрэтам: падчас Еўрапейскіх гульняў яна пазіравала разам з Аляксандрам Лукашэнкам, а летам негатыўна выказвалася пра збор подпісаў альтэрнатыўнымі кандыдатамі:
— Шоу, спектакль, разгойдванне натоўпу — не толькі збор подпісаў.
Двухразовая прызёрка Алімпіяды ў мастацкай гімнастыцы Ксенія Санковіч таксама была чаканым радком у спісе. Яшчэ летам яна пісала ў "Instagram" пра тое, якога росквіту дасягнула краіна пры Лукашэнку. Акрамя таго, Санковіч нярэдка трапляла ў аб'ектывы, седзячы побач з Лукашэнкам на спартыўных мерапрыемствах.
Вясляр Аляксандр Багдановіч, які падпісаў ліст, раней быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Падпісаў ліст і яго брат Андрэй.
Чэмпіён па фрыстайле Антон Кушнір, які падпісаў зварот, пра палітыку асабліва не выказваўся. Толькі яшчэ ў 2013 годзе абураўся, калі мог пазбавіцца спецыяльнай стыпендыі. У 2018-м ён з-за нізкіх адзнак суддзяў не прайшоў у фінал спаборніцтваў на Алімпіядзе, што абурыла Лукашэнку. За гэтае заступніцтва фрыстайліст быў вельмі ўдзячны.
Гімнастка Кацярына Галкіна таксама пакінула подпіс пад зваротам. Яшчэ да выбараў яна была абураная тым, што кадры з ёй трапілі ў кліп Ганны Шаркуновай "Песня шчаслівых людзей". Цяпер стала зразумелай прычына абурэння: дыяметральна супрацьлеглыя погляды спартсменкі.
Сярод тых, хто падпісаў ліст прызёраў Алімпійскіх гульняў, — цяжкаатлет Сяргей Ціханенка, веслярка Наталля Стасюк, дзюдаіст Ігар Макараў, лёгкаатлет Генадзь Аўдзеенка, батутыст Уладзіслаў Ганчароў, раварыстка Наталля Цылінская, фехтавальшчык Мікалай Алёхін, гандбаліст Аляксандр Каршакевіч, гімнастка Алена Валчэцкая, гандбаліст Андрэй Барбашынскі, пяціборка Анастасія Пракапенка, атлетка Эліна Зверава, барэц Аляксандр Мядзведзь, вясляр Аляксей Абалмасаў, біятланіст Сяргей Булыгін, атлетка Яніна Правалінская-Карольчык, вяслярка Кацярына Карстэн, вясляр-байдарачнік Аляксандр Масейкаў.
Сярод топавых спартсменаў, якіх няма ні ў "праўладным" спісе, ні ў звароце супраць гвалту з боку сілавікоў і за новыя справядлівыя выбары, — пяціразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў Дар'я Домрачава. Не падпісаў зварот і экс-дэпутат, а таксама былы кіраўнік БФЛА Вадзім Дзевятоўскі.
Хто яшчэ: чыноўнікі і "аматары"
Большасць тых, хто падпісаў адкрыты ліст — прабачце за гэтую жорсткую ацэнку, — ноўнэймы ў свеце спорту. У іншых сферах: адукацыя, дзяржапарат і г. д., — вядомыя ў вузкіх колах. Сярод іх ёсць настаўнікі фізкультуры і супрацоўнікі СДЮШОРаў. Дарэчы, прадстаўнікоў ДЮСШ і СДЮШАР тут вельмі шмат.
Нямала чыноўнікаў, якіх са спортам звязвае праца. Але ёсць і такія (умоўна назавём іх "першаразраднікамі"), якія займаліся якім-небудзь відам спорту гадоў 10-15 таму, але даўно ўжо павесілі пальчаткі на цвік / паставілі лыжы ля печкі (патрэбнае падкрэсліць).
Сярод падпісантаў — намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Асташонак, які прадстаўлены ў спісе як лёгкаатлет. Нехта Вячаслаў Цыбульнік наогул ніяк не прадстаўлены. Чалавек з такімі імем і прозвішчам — падпалкоўнік, намеснік старшыні савета Гомельскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ "Дынама".
Памочніца рэктара БДУФК Ала Лаўранчук таксама падпісала ліст. Як і многія іншыя супрацоўнікі ВНУ.
Нарэшце, падпісаў зварот намесніка міністра спорту Вячаслаў Дурноў. Ёсць і чыноўнікі рангам ніжэй — намеснікі старшынь выканкамаў. Або, напрыклад, цэлы пачак чыноўнікаў са Светлагорска.
Недарэчнасці ў спісе
Сяргей Бяззубаў прадстаўлены ў спісе як "застуджаны" трэнер Рэспублікі Беларусь. Бывае.
А Міхаіл Харытанюк (чалавек з такім імем і прозвішчам гугліцца як інструктар па спорце СВК "Прагрэс-Верцялішкі") як свой від спорту ўказаў валейбол, а як спартыўныя дасягненні — першы разрад па плаванні. Гэта ўжо не валейбол, а воднае пола нейкае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.