Чыноўнікі Лідчыны два гады гандлявалі шэнгенскімі візамі
Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці паведамляе пра завяршэнне расследаванне крымінальнай справы на намесніка старшыні Лідскага райвыканкама і старшыню Траццякоўскага сельвыканкама.
Па звестках следчых, з красавіка 2013-га па сакавік 2015 года гэтыя чыноўнікі ў Лідзе і Лідскім раёне прадавалі шэнгенскія візы грамадзянам, якія хацелі выехаць у краіны Заходняй Еўропы. Карыстаючыся службовым становішчам, яны дапамагалі атрымоўваць візы пад выглядам удзелу грамадзян у міжнародных мерапрыемствах культурнага, навукова-тэхналагічнага, гуманітарнага і спартыўнага характару.
Следчыя паведамляюць, што за візы чыноўнікі атрымалі больш чым ад 150 чалавек узнагароджанне на суму, не меншую за 235 мільёнаў рублёў.
Акрамя таго, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама ў 2013-2014 гадах некалькі разоў незаконна выкарыстоўваў для працы на сваім лецішчы рабочага Бярозаўскага гарвыканкама. Грошай за гэтыя работы ён не плаціў.
Па справе дапрошаныя больш за 300 сведкаў. Чыноўнікаў вінавацяць у атрыманні хабару, у тым ліку паўторна, паводле папярэдняй змовы групай асоб, якія займаюць адказнае становішча. Таксама іх вінавацяць у злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з боку службовых асобаў, якія займаюць адказнае становішча.
Чыноўнікаў узялі пад варту. Следчыя наклалі арышт на іх маёмасць на агульную суму амаль 900 мільёнаў рублёў. У тым ліку пад арышт трапілі аўтамашыны, зямельны ўчастак, грашовыя сродкі на банкаўскіх рахунках, ювелірныя вырабы.
Фота: sk.gov.by