Ці надышоў час недзяржаўным СМІ браць на ўзбраенне метады дзяржпрапаганды?
Міністр МЗС Уладзімір Макей нядаўна заявіў, што прадстаўнікі ААН у Беларусі фінансавалі беларускі пратэст. Прэтэнзіі беларускіх уладаў датычацца праграмы ААН, у якой удзельнічалі ўразлівыя групы насельніцтва.
А вось кавалак з адказу Макею ад пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі Іаанны Казана-Вішнявецкі: “Мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі і адпаведнымі партнёрамі ў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ў сферах устойлівага развіцця і правоў чалавека”. Як разумець такое выказванне?
— Гэта досыць іранічна, таму што некаторыя партнёры з грамадзянскай супольнасці, якія былі арыштаваныя ці ліквідаваныя на працягу мінулага года, не былі нават пазначаныя ў гадавым рэпорце ААН за 2020 год, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё медыяэксперт і аналітык iSANS Серж Харытонаў. — Пры гэтым я не думаю, што гэта пазіцыя была нейкім чынам пабудаваная на выніках сустрэчы ў Саўбезе. Хутчэй, гэта стандартная фармулёўка, якая выкарыстоўваецца мясцовым офісам на працягу апошніх 13 месяцаў. ААН — гэта перш за ўсё міжнародныя чыноўнікі. ААН працуе ў краінах, падобных на Беларусь, па той формуле, што “лепш захаваць тыя аперацыі, якія маем зараз, чым ліквідаваць офіс ці спыніць супрацоўніцтва на тэрыторыі”.
— Наколькі гэта этычная пазіцыя? Не думаю, што я той чалавек, які можа вырашаць за прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Але, як мне падаецца, больш лагічным было б давесці да Макея пазіцыю аб тым, што ніякі ціск на ААН у Беларусі немагчымы і яго трэба спыніць, — працягвае аналітык. — Трэба спыніць ціск на партнёраў арганізацыі, спыніць палітычныя рэпрэсіі. Нічога гэтага мы не бачылі ў заяве каардынатара ААН. Думаю, перш за ўсё логіка была ў тым, што ААН усё ж працуе з пункту гледжання кампрамісаў і з пункту гледжання таго ўрада, які кантралюе тэрыторыю ў дадзены момант.
Досыць дзіўна, што кіраўніца прадстаўніцтва ААН у Беларусі за 14 месяцаў не сустрэлася з прадстаўнікамі штаба Ціханоўскай, з прадстаўнікамі аб’яднаных штабоў. Таксама ніхто не бачыў яе на Акрэсціна ў той час, калі ў Беларусі адбываўся цяжкі гуманітарны крызіс, які працягваецца і дагэтуль. Гэта пазіцыя чыноўніцы, якая друкуе прэс-рэліз у спадзяванні, што яна будзе мець магчымасць і далей працаваць на гэтай самай пазіцыі.
Падобна да таго, што аказалася фэйкам гучная заява праўладных прапагандыстаў пра тое, што за падпіску на тг-каналы, абвешчаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі, беларусаў будзе чакаць крымінальная адказнасць. Ці можна чалавека, які проста цікавіцца навінамі з тэлеграма і нават нічога не распаўсюджвае, затрымаць “па законе”?
— У падобных абставінах нават не патрэбны закон — можна проста падпісаць людзей [затрыманых сілавікамі па той ці іншай справе. — Еўрарадыё] на любыя тэлеграм-каналы ці дадумаць любое абгрунтаванне для таго, каб чалавек атрымаў рэальны тэрмін у турме, — упэўнены Серж Харытонаў. — Тэзіс пра прававую сегрэгацыю падаецца мне вельмі добрым, таму што сапраўды зараз існуюць дзве прававыя сістэмы, якія фармулююца ў залежнасці ад палітычных поглядаў абвінавачаных. У гэтым сэнсе гэта той самы палітычны апартэід, які назіраўся, напрыклад, падчас існавання рабства ў ЗША ці за часам апартэіду ў ПАР.
То-бок, нават калі тая навіна [пра аднясенне падпісчыкаў да “экстрэмістаў”. — Еўрарадыё] разышлася без пацверждання, гэта ўплывае на маральны дух пратэсту, уплывае на давер да медыя, якія спачатку апублікавалі інфармацыю [што гэта фэйк. — Еўрарадыё], а пасля пачалі пісаць, што, магчыма, усё не так.
Як мне падаецца, для так званых афіцыйных крыніцаў ужо надышоў час уводзіць дысклэймер, маўляў, інфармацыя, якая была прыведзеная гэтак званымі афіцыйнымі крыніцамі ці крыніцамі, якія кантралююцца Аляксандрам Лукашэнкам, з вялікай імавернасцю не можа быць пацверджанай ці не можа быць праўдзівай.
Гэта вельмі важна, таму што ў той сітуацыі, якую мы назіраем зараз, у той медыйнай атмасферы, калі прапагандысты з тэлеканалаў ужо адкрыта кажуць, што няма ніякай журналістыкі і ніякіх стандартаў, а ёсць толькі салдаты інфармацыйнай вайны і тыя, хто піша прагноз надвор’я, мне падаецца, што стандарты незалежнай журналістыкі таксама трэба прыводзіць у нейкі баланс з тым, што адбываецца.
Калі крыніцы з боку Лукашэнкі цалкам пабудаваныя на наўмыснай дэзынфармацыі, то пра гэта проста абавязкова трэба пісаць дысклэймеры. Таму што такая пазіцыя [стрыманасці і выканання журналісцкіх стандартаў недзяржаўнымі СМІ. — Еўрарадыё] не дапамагае лепшай інфармаванасці грамадства. Яна дапамагае распаўсюджваць фэйкі, распаўсюджваць дэзынфармацыйны матэрыял.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.