Ці пойдуць на "Еўрабачанне" былыя фаварыты публікі, якіх абрэзала журы

Ці пойдуць на "Еўрабачанне" былыя фаварыты публікі, якіх абрэзала журы

Сёлета ў фінале нацыянльнага адбору на “Еўрабачанне” вырашаць, хто стане прадстаўніком Беларусі, будуць выключна тэлегледачы. Журы збярэцца толькі для выбару фіналістаў ды на галасаванне падчас самога міжнароднага песеннага конкурсу. Еўрарадыё ўзгадвае, хто б мог паехаць ад нашай краіны, калі б такія правілы ўвялі раней.

У 2012 годзе здараецца самы гучны скандал за ўсю гісторыю нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне". Вырашыць яго атрымліваецца толькі праз умяшальніцтва Аляксандра Лукашэнкі, які літаральна адбірае перамогу у Алёны Ланской і аддае яе гурту Litesound. Тады, паводле афіцыйных дадзеных, і журы, і гледачы галасуюць менавіта за Алёну. Але апытанне членаў журы, якое зладзіла Еўрарадыё, ставіць такія вынікі пад сумнеў. Пазней знаходзяцца пацвярджэнні што і глядацкае галасаванне было падтасаванае.

На міжнародным песенным конкурсе ў Баку Litesound не трапляюць у фінал, а Ланская прапануе сваю кандыдатуру на наступны год. Гэтым разам адбор на Еўрабачанне праходзіць з нечакана пашыраным складам журы і здараецца цуд: самая маладая заслужаная артыстка краіны ўсё ж едзе прадстаўляць Беларусь. Праўда, не з той песняй, за якую галасавалі! Перад самай паездкай у Швецыю Алёна замяняе яе трэкам "Solayoh" аўтарства бельгійскага кампазітара Марка Пелінга. У выніку на конкурсе Ланская прайшла ў фінал і заняла 16-е месца. А вось які вынік чакаў бы Беларусь з песняй, якую абіралі ўсёй краінай, мы ўжо ніколі не даведаемся.

Лаская і Litesound заяўляюць, што амбіцыі ў плане "Еўрабачання" вычарпаныя і больш гэты конкурс іх не цікавіць.

Адбор на "Еўрабачанне" 2014 года адраджае ўжо добрую традыцыю недаверу да вынікаў нацыянальнага адбору. У фінале беларускага конкурсу гледачы на першае месца ставяць дуэт Макса Лорэнса і Валерыя Дзядзюлі. На другое і трэцяе — гурт Nuteki ды спевака Тэа адпаведна. А вось у тройку лідараў журы ўваходзяць Тэа, Жанэт ды Switter Boys. Далей без лішніх рухаў галасы журы называюць больш моцнымі і супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі Юрый Вашчук едзе ў Капенгаген. Максу Лорэнсу застаецца толькі пісаць адкрыты ліст на імя Лукашэнкі, але гэтым разам кіраўнік краіны не ўмешваецца.

“Хто выбірае, каго выбірае, хто едзе, хто не едзе… я лічу, што галоўнае, каб людзі годна паказалі сябе на самім конкурсе, каб краіне не было сорамна за нашых прадстаўнікоў, — каментуе новаўвядзенні ў правілы адбору Макс Лорэнс. — Каб не было нейкай шкадобы, маўляў, вось не дацягнулі, а каб быў сапраўды варты выступ, які здольны ўцерці нос іншым краінам. Дай Бог, каб гэтыя змены зрабілі конкурс больш аб’ектыўным! Каб ён быў сапраўды народным, а не конкурсам членаў журы. Калі сёлета конкурс дасягне такога ўзроўню і народ сапраўды абярэ таго, хто яму больш за ўсё спадабаецца, то ніхто і не будзе крыўдзіцца! Народ жа не можа крыўдзіцца сам на сябе!”

Але сам Макс удзельнічаць у адборы не будзе. Кажа, што пераглядзеў сваё стаўленне да конкурсаў ды далейшага развіцця кар’еры. “За час і сілы, якія аддаюцца на падрыхтоўку нумара для "Еўрабачання" можна напісаць некалькі новых песень ці зняць кліп, ці знайсці іншыя шляхі, каб дагрукацца да слухача, дык навошта рызыкаваць і губляць гэта ўсё з вялікай верагоднасцю упустую, — кажа спявак і дадае. — Няхай маладыя ўдзельнічаюць, бо гэта класны спосаб заявіць пра сябе”.

У 2015 годзе гісторыя паўтараецца амаль цалкам. Гледачы галасуюць за жвавы берасцейскі калектыў прафесійных музыкаў Muzzart. Журы ж аддае перавагу сталаму ўдзельніку адбораў Uzari ды яго дуэтнай песні са скрыпачкай Маймунай. Скандал не разгараецца, але асадачак застаецца…

“Насамрэч, глядацкая перавага, глядацкая сімпатыя нашмат больш важная і важкая, чым выбар журы, — узгадвае сітуацыю ўдзельнік Muzzart Уладзімір Круцікаў. — Ва ўсялякім выпадку, мне так падаецца. Таму цяпер думаем, разважаем. Калі даты конкурсу не перакрыжуюцца з гастролямі, то, хутчэй за ўсё. сёлета будзем удзельнічаць. Але трэк для гэтай справы ў нас ёсць і не адзін. Складана выбраць, які з іх выбухне”.

Uzari і Маймуна не прабіваюцца нават у фінал “Еўрабачання-2015” у Вене. У выніку Дзмітрый Калдун з шостым месцам ў фінале так і застаецца самым паспяховым прадстаўніком Беларусі за 11 гадоў удзелу ў гэтым міжнародным конкурсе.

Фота: news.vitebsk.cc і архіў Еўрарадыё (на загалоўным фота берасцейцы Muzzart)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі