Ці рыхтавацца да грамадзянскай вайны? Сахашчык абяцае паспрабаваць усіх памірыць

Валерый Сахашчык справа / Еўрарадыё
Валерый Сахашчык справа / Еўрарадыё

Валерый Сахашчык, якога Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўніком Пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы, запэўніў, што "будзе рабіць усё", каб у Беларусі не дайшло да грамадзянскай вайны.

— Я лічу трагедыяй усякі грамадзянскі канфлікт у любой краіне свету і тым больш на сваёй Радзіме. Я буду рабіць усё, каб да яго не дайшло.

Стварыць "урад у выгнанні" і абавязкова сфармаваць пры ім сілавы блок ад Святланы Ціханоўскай на Канферэнцыі ў Вільні запатрабавалі кіраўнік НАУ Павел Латушка і памочнік камандзіра палка "Пагоня" Уладзімір Пракоп'еў. У выніку на наступны дзень пасля таго, як гэта патрабаванне было агучана, Ціханоўская выступіла з аб'явай аб стварэнні Пераходнага кабінета. Адным з новых твараў у ім стаў менавіта Сахашчык.

"Сілавы блок" — гэта новы віток у развіцці дэмакратычных сіл і кардынальнае змяненне характару беларускіх пратэстаў. Дэмакратычныя сілы, якія ўдзельнічалі ў электаральнай кампаніі ў 2020 годзе, ад пачатку пазіцыянавалі сваю прыхільнасць да мірных перамен.

Тым не менш Сахашчык называе сябе "міратворцам" і абяцае зрабіць так, каб "беларусы перасталі бачыць адно ў адным ворагаў". Але калі Сахашчык будзе выступаць міратворцам, навошта тады "сілавы блок"?

— Так, той бок, калі не бачыць перад сабой сілы, ігнаруе нас і не хоча з намі мець зносіны. Таму мы павінны атрымаць гэтую сілу. Калі яна ў нас з'явіцца, я спадзяюся, усё зменіцца. І ўсё-ткі дыялог узнікне. А можа быць, ён узнікне і раней.

Упершыню выступаючы ў статусе прадстаўніка кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы, Сахашчык адмовіўся ў найбліжэйшыя тыдні адказваць на пытанні журналістаў. Рэдактару Еўрарадыё Змітру Лукашуку ўсё ж удалося некалькі хвілін пагутарыць з Сахашчыкам у кулуарах.

— Я не маю права на памылку, гэтыя памылкі будуць занадта дарагія. Мы прапрацуем нормы міжнароднага права, вызначым, што мы можам рабіць, а чаго не можам. І толькі калі будзем упэўненыя, што нашы крокі правільныя, пачнём практычныя дзеянні.

Сахашчык таксама заявіў, што ён падтрымлівае сувязь з Зянонам Пазняком.

— Ён абсалютна канструктыўна настроены. Я ўпаўнаважаны Святланай Георгіеўнай прапанаваць яму дадаць сваіх людзей у склад кабінета.

Стрым Еўрарадыё з кулуараў Канферэнцыі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі