Ці варта чакаць абвалу эканомікі ў 2013 годзе?
Еўрарадыё разам з вядомымі экспертамі стварае эканамічны прагноз на год Змяі.
“Я думаю, што ў параўнанні з гэтым годам мала што памяняецца. Хіба, у галіне прыбыткаў… Маўляў, раней яны раслі да 500 долараў, а далей давайце самі”, — расказвае Сяргей Чалы.
Эканаміст не чакае нейкіх пертурбацый у надыходзячым годзе. Гаворыць, што яны нікому не патрэбныя. Ваганні асноўных паказчыкаў эксперт прадказвае ў межах 10%. Курс долара на канец восені 2013 Чалы бачыць у межах 9200-9500 рублёў.
Калега Сяргея Чалага, Леанід Злотнікаў, апісвае куды больш апакаліптычныя краявіды. На думку эканаміста, для падтрымкі узроўню дабрабыту, пастаўленага ў 2012 годзе, ураду Беларусі ў 2013 годзе спатрэбіцца ажно 8 мільярдаў долараў. Калі дадаць сюды тры мільярды, якія неабходна выплаціць па крэдытах, то атрымоўваецца надзвычай кругленькая сума. І калі частку можна будзе “наскрэсбці”, дзякуючы крэдытам ад ЕўрАзЭС і Кітая, то прыкладна 8 мільярдаў давядзецца браць немаведама адкуль. Злотнікаў гаворыць, што нас можа чакаць адток валюты, а за ім інфляцыя і ўсе іншыя “цуды”.
“Ну вось, мы бачым, што ёсць як мінімум дзве праблемныя рэчы — падтрыманне дабрабыту насельніцтва і выплата пазык. І вось гэтыя рэчы моцна ўплываюць на адток валюты з Беларусі”.
Кампенсаваць яго можна будзе дзякуючы продажу дзяржаўнай маёмасці. Леанід Злотнікаў перакананы, што ў 2013 годзе нас чакае новая хваля прыватызацыі. І калі ўсё будзе добра, то курс долара на канец года складзе прыкладна 9500 рублёў. Калі ж не, то ўжо вясной можна чакаць і 14-ці тысяч за долар.
А вось фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра кампаніі “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб прадказвае, што мы ўжо ў хуткім часе можам зразумець, чаго чакаць ад 2013-га. Эксперт бачыць дзве плыні ва ўладных структурах — Нацбанк, які адстойвае больш жорсткі накірунак, і урад, які зацікаўлены ў выкананні праграмных пастановаў.
“Вось цяпер асноўная інтрыга заключаецца ў тым, ці будуць прынятыя нейкія персанальныя рашэнні. Бо ў 2012 годзе план па росту ВУП у памеры 5,5% не быў выкананы”.
Таму калі ўрад у бліжэйшы час панясе асабістыя страты, то можна меркаваць пра выбраны накірунак. Калі ж невыкананне планаў па росце ВУП ураду даруюць, гэта будзе сведчыць аб асноўнай ролі Нацбанка. А значыць — 2013 год пройдзе без вялікіх сенсацый.
Прагноз Іосуба на курс долара не адрозніваецца ад меркаванняў калег па цэху — тыя ж 9500 на канец года. Калі ж Беларусь абярэ новага прэм’ера і возьме накірунак на дасягненне 8%-га росту ВУП на 2013 год — “цуды” нас могуць чакаць ужо вясной.
Кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова запэўнівае, што гэтага не будзе. Падчас прамой лініі 26 снежня яна заявіла, што “землятрусаў” у беларускай эканоміцы ў 2013 годзе не чакаецца. Як і моцных ваганняў курса долара.
Эксперт |
Прагноз курса долара на канец 2013 года |
Сяргей Чалы |
9200-9500 |
Леанід Злотнікаў |
9500-14000 |
Вадзім Іосуб |
9500 |
Надзея Ермакова |
9500 |