Ціханоўская папрасіла Італію дапамагчы са стварэннем трыбунала над Лукашэнкам

Святлана Ціханоўская / прэс-служба палітыка, ілюстрацыйнае фота
Святлана Ціханоўская / прэс-служба палітыка, ілюстрацыйнае фота

Святлана Ціханоўская звярнулася да сената Італіі з просьбай пераканаць урад краіны і міжнародныя арганізацыі ініцыяваць трыбунал над Аляксандрам Лукашэнкам, піша BPN.

Адпаведную просьбу яна агучыла 5 ліпеня ў Рыме  на слуханнях у сенацкім камітэце па замежных справах і абароне, паведамляе галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.

Ціханоўская заклікала прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным і ўвесці разгромныя санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. "Не толькі за ўварванне ва Украіну, але і за падрыў суверэнітэту Беларусі. Мы павінны прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых. Усіх, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях і ў вайне [РФ супраць Украіны]. Мы атрымалі доказы таго, што рэжым Лукашэнкі быў уцягнуты ў дэпартацыю сірот з акупаваных раёнаў Украіны ў Беларусь. Усяго некалькі месяцаў таму Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна. Тое ж самае павінна быць зроблена ў дачыненні да Лукашэнкі і яго набліжаных", — цытуе яе словы "Зеркало".

Яна папрасіла італьянскіх сенатараў падтрымаць беларускія дэмсілы ў парламенцкіх асамблеях Савета Еўропы, АБСЕ і NATO.

Акрамя таго Ціханоўская заклікала дапамагчы беларускім дзеячам культуры дзеля ўмацавання еўрапейскай ідэнтычнасці. "Калі вы бачыце магчымасць запрасіць [у Італію] беларускіх пісьменнікаў, мастакоў або навукоўцаў на мерапрыемствы або [распаўсюдзіць на іх] стыпендыі, гэта будзе ваш унёсак у будучую еўрапейскую Беларусь", — заявіла яна.

Яна зазначыла, што цяпер рэжым Лукашэнкі пры падтрымцы Крамля спрабуе знішчыць нацыянальную ідэнтычнасць і перапісаць гісторыю. "За дэманстрацыю нацыянальнага сцяга ці нават размову на беларускай мове можна падвергнуцца пакаранню", — адзначыла палітык.

Ціханоўская нагадала, што Парламенцкая Асамблея АБСЕ ахарактарызавала падзеі ў Беларусі як расійскую "мяккую анэксію". Палітык дадала: "Расія не бачыць ні Беларусь, ні Украіну незалежнымі краінамі, яе адзіная мэта — каланізаваць нас".

Афіцыйны візіт Ціханоўскай у Італію праходзіць 5-7 ліпеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі