ПА АБСЕ заявіла пра расійскую "мяккую анэксію" Беларусі
Расійскія салдаты / ria.ru, ілюстрацыйнае фота
30-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Ванкуверы прыняла дэкларацыю, у якой некалькі разоў згадала Беларусь.
У першым жа пункце дакумента дэпутаты ПА АБСЕ рашуча асудзілі агрэсію Расіі супраць Украіны "пры ганебнай ролі Беларусі як суагрэсара". Таксама парламентары ўстрывожаныя заявамі пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Дэпутаты ПА АБСЕ мяркуюць, што Беларусь "усё больш набліжаецца да статусу актыўнага боку вайны".
Рэжым Лукашэнкі, які дапамагае Расіі ў вайне, дэпутаты назвалі нелегітымным.
Расію на пасяджэнні ПА АБСЕ прызналі дзяржавай-спонсарам тэрарызму, а ПВК "Вагнер" — тэрарыстычнай арганізацыяй.
У дэкларацыі таксама гаворыцца, што Расія праводзіць "мяккую анэксію" Беларусі.
Арганізацыя патрабуе ад Расіі і Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў. Да дзяржаваў-удзельніцаў АБСЕ парламентары звяртаюцца з заклікам падтрымліваць палітычных актывістаў, праваабаронцаў, незалежных журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі ў Беларусі і Расіі ў іх "барацьбе з самадзяржаўным рэжымам як знутры, так і з-за мяжы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.