"Дачка згарэла ў ложку": Расія запускае па Украіне рэкордную колькасць "Шахедаў"
Наступствы адной з атак дронаў на Кіеў
Расія значна павялічыла колькасць удараў беспілотнікамі па Украіне, піша ВВС са спасылкай на ўкраінскі Генштаб.
У мінулым месяцы расійскі беспілотнік "Шахед" забіў 14-гадовую дзяўчынку Марыю Траяноўскую ў ейным ўласным ложку. Беспілотнік урэзаўся ў акно яе спальні.
"Ён заляцеў праз акно, проста ў ейны пакой, — распавядае маці дзяўчынкі Вікторыя ў размове з BBC. — Мы спрабавалі патушыць агонь, але ўсё гарэла так моцна. Дыхаць было немагчыма. Яна памерла адразу, а потым згарэла. У яе не было ніякіх шанцаў выжыць".
У верасні Расія запусціла па Украіне 1,4 тыс. беспілотнікаў, а ў жніўні — 818. А ў кастрычніку па ўкраінскіх гарадах была запушчана рэкордная колькасць баявых дронаў — больш за 2 тысячы.
Большасць расійскіх беспілотнікаў, якія абрынаюцца на Украіну, — гэта распрацаваныя ў Іране "Шахеды". Расія таксама пачала запускаць фальшывыя беспілотнікі без выбухоўкі, каб збіць з панталыку падраздзялення СПА Украіны і прымусіць іх траціць боепрыпасы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.