Цімашэнка заклікае ЕС зрабіць для Украіны тое, што не робяць для Беларусі

Былая прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка заклікала Еўрасаюз падпісаць Дамову аб асацыяцыі з Украінай нягледзячы на тое, што яна застаецца за кратамі. Іншая справа, што ўкраінская апазіцыя не гатовая прыняць такую ахвяру.



Пра гэта Еўрарадыё распавядае дэпутат фракцыі “Бацькаўшчына” Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Паўлоўскі.



Андрэй Паўлоўскі: “Юлія Цімашэнка фактычна заклікала еўрапейцаў падпісваць гэтую асацыяцыю нягледзячы на тое, што яна застаецца за кратамі. Я разумею Юлію Цімашэнку, якая гатовая ахвяраваць сабой, але я думаю, што мы ва Украіне і нашы еўрапейскія партнёры не гатовыя прыняць такую ахвяру”.

                                                 Андрэй Паўлоўскі



Дарэчы, у Вярхоўнай Радзе папярэдняга склікання Андрэй Паўлоўскі прадстаўляў “Блок Юліі Цімашэнкі”. Сёння парламентарый кажа, што лепш зрабіць усё магчымае, “прапхнуць” нарэшце закон, які б дазволіў Юліі Цімашэнцы выехаць на лячэнне за мяжу, але не ісці насуперак дэмакратычным прынцыпам і не расчыняць еўрапейскія дзверы для краіны з палітвязнямі.



Тым не менш дзеля поспеху віленскага саміту ЕС гатовы забыцца на існаванне палітзняволеных ва Украіне. Прынамсі часова. Пра гэта паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на ананімную крыніцу ў “еўрапейскіх структурах”.



“Зараз яны гатовыя на кампрамісны варыянт. Калі прэзідэнт Віктар Януковіч дасць цвёрдыя гарантыі, што праблема будзе вырашаная бліжэйшым часам, блакаваць падпісанне дакументаў у Вільні ніхто не будзе”.



Былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс упэўнены: пасля падпісання дамовы з Украінай Еўрасаюзу будзе лягчэй дамагчыся вызвалення Цімашэнкі.



Аўдронюс Ажубаліс: “Уздзейнічаць на Украіну ў кантэксце селектыўнага права будзе лягчэй для ўсіх нас, калі Украіна будзе пад “парасонам” Еўрапейскай асацыяцыі, чым калі яна будзе пад “парасонам” Еўразіі. Дзе казаць пра вяршэнства права ўвогуле не даводзіцца”.

                         Аўдронюс Ажубаліс



Беларускі палітолаг Андрэй Ягораў сцвярджае, што гэта дасць падставу і беларускім уладам не выконваць патрабаванні Еўрасаюза.



Андрэй Ягораў: “Падпісанне дамовы аб асацыяцыі з краінай, дзе застаюцца палітвязні, дасць беларускім уладам больш аргументаў і выразна пакажа, што Еўрасаюз пры пэўных умовах ігнаруе гэта пытанне. Таму яны будуць патрабаваць развіцця адносінаў з Еўрасаюзам без усялякіх умоваў”.

                                                  Андрэй Ягораў



Да ўсяго, такая сітуацыя паставіць у двухсэнсоўныя ўмовы беларускую апазіцыю — страчваецца маральная падтрымка з боку ЕС.



На тое, што падпісанне пагаднення з Украінай без вызвалення Цімашэнкі дае магчымасць беларускім уладам яшчэ гучней казаць пра падвойныя стандарты, Аўдронюс Ажубаліс раіць не звяртаць увагі.



Аўдронюс Ажубаліс: “Няхай кажуць! Усё, што мы чуем ад беларускіх уладаў, для нас не новае. Гэта — пэўная дэмагогія і самаабарона, з дапамогай якой улады імкнуцца патлумачыць усё большую самаізаляцыю ад Еўропы”.



У любым выпадку, калі Еўрасаюз уступіць у асацыяцыю з сённяшняй Украінай, спадзяванняў на вызваленне беларускіх палітвязняў застанецца яшчэ менш, чым іх ёсць зараз, згодныя суразмоўцы Еўрарадыё.

Фота: Змітра Лукашука, http://nbnews.com.ua/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі