COVID-19 ранішнікам не перашкода: школьнікаў усё адно будуць звозіць на "ялінкі"

Навагодні ранішнік / "Вечерний Гродно"
Навагодні ранішнік / "Вечерний Гродно"

Пандэмія каранавіруса не адбіваецца на планах чыноўнікаў арганізоўваць навагоднія "ялінкі" і звозіць туды школьнікаў.

Як расказала Еўрарадыё настаўніца з Гомельскай вобласці (яна папрасіла не называць імя), школы на ўсю моц рыхтуюцца да такіх мерапрыемстваў у канцы снежня. Такой жа інфармацыяй дзеляцца і настаўнікі з Мінскай вобласці: яны ўжо збіраюць звесткі пра дзяцей, якіх трэба будзе везці на "святы".

Педагогі не ўпэўненыя, што яны самі і вучні, якіх яны будуць суправаджаць, будуць забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. А ім жа ўсім трэба ў вялікай колькасці знаходзіцца ў зачыненых памяшканнях. 

"Нават для прызыву і ваенкаматаў аблвыканкам закупляў асобна СІА і антысептыкі. Цяпер жа — вельмі моцна здзіўлюся, калі закупяць", — расказала адна з нашых суразмоўніц.

Чыноўнікі тым часам рыхтуюцца да перавозкі вялікіх груп дзяцей. Напрыклад, выканкам Жлобіна абвясціў тэндар на транспартаванне непаўналетніх да Гомеля і назад. З райцэнтра везці плануюць 86 дзяцей і шасцярых суправаджальнікаў. Для гэтага заказваюцца два аўтобусы, гэта значыць ні пра якое рассаджванне ў шахматным парадку гаворкі не ідзе. Ды і ў праветрыванне зімой на трасе верыцца з цяжкасцю.

Расказваюць настаўнікі і пра падрыхтоўку навагодніх мерапрыемстваў у школах: ім таксама COVID-19 не перашкаджае. Акрамя таго, прадаюцца білеты на "Галоўную ялінку краіны" і іншыя "ранішнікі".

Нагадаем, апошнія тыдні ў Беларусі штодня рэгіструюць больш за 1,5 тысячы выпадкаў каранавіруса — і гэта толькі па афіцыйных звестках. Па ўсёй краіне ўведзены масачны рэжым, датычыцца гэта і масавых мерапрыемстваў. Такім чынам, дэ-юрэ ўсе госці "ялінак" і нават акцёры абавязаны быць у масках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі