Ежу гатуюць тэхнічкі, а настаўнікаў не стае: COVID-19 у школах

/ Еўрарадыё
/ Еўрарадыё

Мінздароўя Беларусі пастанавіла не ўводзіць каранцін у школах праз рост захваральнасці на COVID-19.

— Усе неабходныя меры ва ўстановах адукацыі выкананыя, і няма падстаў для лішніх турбот, — заявіла "Интерфакс-Запад" прэс-сакратар ведамства Людміла Высоцкая на пачатку кастрычніка. Але, як паведамляюць Еўрарадыё настаўнікі, турбавацца ўсё-ткі ёсць пра што.

Еўрарадыё паразмаўляла з педагогамі і даведалася, як беларускія ўстановы адукацыі змагаюцца з каранавірусам. А яшчэ пагутарыла з настаўнікам з Германіі, каб зразумець, чаго ў барацьбе з інфекцыяй не стае нашай сістэме адукацыі. 

Матэматыкаў не было тры тыдні

У адной з сельскіх школ Гродзенскай вобласці справы зусім дрэнныя: працаваць няма каму.

— У нас 36 педагогаў. Цяпер чатыры настаўнікі на бальнічным. Матэматыкаў у школе не было тры тыдні. Іх урокі замянялі ўсе каму толькі хочацца: ад завуча да настаўніка беларускай мовы. Дырэктар панікуе, што няма каму весці ўрокі, — кажа адзін з настаўнікаў школы.

Еду готовят технички, а учителей не хватает: COVID-19 в школах
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё

Было і такое, што заняткі адмяняліся, напрыклад, калі хварэлі настаўнікі замежных моў. Па словах нашай крыніцы, дырэктар школы просіць тых, хто захварэў, не паведамляць пра кантакты.

— Хварэюць і чатыры з пяці работнікаў харчблока. Ежу гатуюць тэхнічкі і кухар, які выйшаў з бальнічнага. Ведаю, што адміністрацыя запаўняе ў воблаку "Гугл" табліцу, дзе ёсць асобная ўкладка пра COVID-19 сярод дзяцей і настаўнікаў. Але простых смяротных да яе не дапускаюць.

Пры гэтым меры бяспекі ў школе не выконваюцца.

— На паперы дзвярныя ручкі апрацоўваюцца кожны ўрок, але з верасня мной ні разу не было заўважана, каб хтосьці браўся за ручку! Вільготную прыборку робяць раз на дзень пасля ўрокаў. Парэнчы ніхто не апрацоўвае. Кухары ў масках на падбародках і без пальчатак раздаюць ежу. Дазатары для антысептыку вісяць, але яны ўсе пустыя.

На прафсаюзным сходзе вырашылі закупіць антысептык і сродкі аховы. Да настаўнікаў дайшло па адной масцы і пары пальчатак. Цяпер сродкі аховы павінны закупляцца за свой кошт.

— Усё астатняе занеслі ў мясцовую амбулаторыю і падарылі.

Харчаванне ў школе ўсё-ткі паспрабавалі арганізаваць па-новаму. Каб дзеці хадзілі меншымі групамі, цяпер у сталовай кормяць не на дзвюх, а на трох пераменах. У той жа час школьнікі працягваюць хадзіць на ўрокі з кабінета ў кабінет.

"Нават трошкі ганаруся"

У гомельскай школе №27 таксама ёсць дзеці і педагогі з дыягнаставаным каранавірусам, але сітуацыя іншая.

— Тры-чатыры настаўнікі на бальнічным. Усяго 82 педагагічныя работнікі. Па класах адсутнічае дзесьці некалькі чалавек, дзесьці дзесяць. Многіх няма, таму што бацькі напісалі заяву на свабоднае наведванне ў сувязі з абставінамі, якія склаліся. У сярэднім на клас ёсць адзін-два чалавекі з каранавірусам, — кажа адзін з настаўнікаў.

З пачатку эпідэміі многія настаўнікі прабылі на каранціне.

— Мне таксама давялося пабываць на каранціне, хоць тэст на каранавірус быў адмоўны. Са школы адпраўляюць запыт у санстанцыю. Адтуль літаральна на працягу дня ператэлефаноўваюць і кажуць: "Вы седзіце дома столькі і столькі дзён". У школу таксама паведамляюць.

Да захадаў па ахове адміністрацыя падышла сур'ёзна, кажа суразмоўнік. У школе досыць шмат санітайзераў. На ўваходзе яго павесілі яшчэ ў красавіку. Раніцай там дзяжурыць настаўнік.

Еду готовят технички, а учителей не хватает: COVID-19 в школах
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё

— Настаўнікі ходзяць у масках. Адміністрацыя строга да гэтага ставіцца. Урокі таксама ў іх вядзём. Тыя, хто вядзе першыя ўрокі, прыходзяць раней і апрацоўваюць парты. Атрымліваецца, два разы на дзень — перад першай і другой зменамі. Потым прыбіральшчыцы на працягу дня ходзяць па школе. На ўроку могуць дзверы адчыніцца — прыбіральшчыца працірае ручку. І гэта рэальна кожны дзень. Падаконнікі апрацоўваюць кожны ўрок, як толькі дзеці разышліся па класах.

Нядаўна ў холе з'явіўся азанатар.

— Першы раз такое бачу дзесьці, акрамя бальніц. Нават трошкі ганаруся, — дзеліцца суразмоўнік. — Да масак мы прывыклі. Шкада, што не ўсе бацькі і дзеці іх носяць. Некаторыя лічаць патрэбным давесці сваё дзіця да класа праз паўшколы без маскі.

Толькі 10-15% дзяцей пастаянна носяць маскі. Ну як носяць... Можна зразумець, для дзяцей гэта складана.

11 урокаў і адна фортачка

Хоць меры аховы ў школе №27 горада Гомеля прымаюцца, сітуацыя з настаўнікамі ўсё роўна няпростая.

— Мы знаходзімся на мяжы. Велізарная колькасць замен. У мяне можа быць за дзень адна фортачка, а ўсяго ўрокаў 11. Але пакуль што трымаемся. Менш урокаў не становіцца. Калі сыдзе яшчэ тры-чатыры чалавекі, давядзецца скарачаць.

Пра дыстанцыйнае навучанне ў школе не гавораць, паколькі няма адпаведнай пастановы па краіне. Але тэхнічна арганізаваць гэта няцяжка.

— Яшчэ вясной настаўнікі інфарматыкі арганізавалі дыстанцыйку праз Discord і іншых настаўнікаў падцягнулі. Месяц правялі ў змяшаным рэжыме: спачатку чыста дыстанцыйка, потым звычайныя ўрокі плюс дыстанцыйка.

Адміністрацыя купіла два роўтары на сім-карце. Любы кабінет лёгка можа стаць пунктам, у якім можна паставіць ноўтбук і весці занятак анлайн.

"Пробу ўзялі на пяты дзень, каб не было кантактаў"

Еду готовят технички, а учителей не хватает: COVID-19 в школах
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё

У магілёўскай школе №1, дзе каля 660 вучняў і 60 настаўнікаў, у кожным класе хварэюць або з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню два-тры вучні. Некалькі настаўнікаў перахварэлі на каранавірус у кастрычніку, яшчэ каля трох хварэюць цяпер.

— Нават калі ў класе выяўляецца выпадак каранавіруса, у ізаляцыю адпраўляюць толькі некалькі чалавек, якія сядзелі зусім побач, — кажа адзін з настаўнікаў школы. — У паліклініцы ў "бруднай зоне" чаргу да лекара можна і пяць гадзін чакаць. У кожнага другога ПЛР-тэст станоўчы. У мяне ўзялі пробу на пяты дзень хваробы, каб не было кантактаў.

Пра каранцін або дыстанцыйнае навучанне ў школе гаворкі не ідзе.

А як у Германіі?

Мы пагутарылі з Анастасіяй Хайдрых, настаўніцай пачатковай школы ў невялікім раёне горада Вісбадэн, сталіцы федэральнай зямлі Гесэн на захадзе Германіі.

— Наша школа зусім невялікая. Класы па 13-20 чалавек. Я класны кіраўнік першага класа. Вяду ў іх усе прадметы, акрамя рэлігіі і фізкультуры, — расказвае настаўніца.

Антыкавідныя меры выглядаюць там куды больш значна, чым у беларускіх школах. Але аказалася, што ёсць і агульная праблема — мала настаўнікаў.

— Адна настаўніца была на каранціне тыдзень. Калі адзін настаўнік захворвае, то мы яшчэ неяк спраўляемся. Калі не будзе дваіх, то давядзецца туга. У кіраўніцтва цяпер няма рашэння, што рабіць у гэтай сітуацыі. Таму жывём сённяшнім днём, спадзяёмся, што не захварэем, робім усе захады і працуем.

Еду готовят технички, а учителей не хватает: COVID-19 в школах
На занятках у Анастасіі / Еўрарадыё

Па словах Анастасіі, калі ў жыхара Германіі аказваецца станоўчы тэст на каранавірус, то на каранцін вымушаны сысці не толькі ён, але і ўсе сямейнікі. У залежнасці ад таго, наколькі блізкі быў кантакт, у ізаляцыю могуць адправіцца і тыя, хто з ім працуе і вучыцца.

— Ва ўсіх адукацыйных установах абавязковыя маскі ў калідорах, у сталовых, у прыбіральнях, у школьным двары. Пачынаючы з пятага класа, абавязковыя маскі на школьных уроках. Кожныя 20 хвілін памяшканне павінна праветрывацца. Многія настаўнікі ставяць сабе будзільнік.

Кіраўніцтва ў школе Анастасіі вырашыла, што маскі абавязковыя і на ўроках.

— Я думала, што будзе цяжэй. На самай справе мае першакласнікі малайцы, — адзначае Анастасія.

Дзеці могуць адпачыць ад масак на спецыяльным перапынку.

На вуліцы нават у дождж

Займацца ў спартыўных залах забаронена, таму замест фізкультуры дзеці ходзяць з Анастасіяй на пляцоўку, дзе гуляюць гадзіну. Дарога туды і назад займае таксама каля гадзіны.

Сняданак заўсёды праходзіць на вуліцы.

— Перад тым як дзеці адкрываюць свае ланч-боксы, я праходжу з бутэлькай дэзынфекцыі. Яны гэта дакладна ведаюць і не адкрываюць свае каробачкі, пакуль я не прайду.

Пачынаючы з гэтага навучальнага года ў школе складзены адмысловы расклад, каб класы не перасякаліся перад заняткамі і на перапынках.

На перапынках ніхто не бегае і не ходзіць па калідорах школы. У Германіі яны заўсёды праводзяцца на вуліцы.

— Гэта наогул не абмяркоўваецца, нават калі ідзе дождж. Вядома, калі лівень, то мы не выходзім. На вуліцах мы ў масцы, але ў кожнага дзіцяці ёсць магчымасць падыхаць свежым паветрам без яе. Мы абмеркавалі, у якія месцы яны могуць пайсці, але павінна захоўвацца дыстанцыя.

Нядаўна прайшла сустрэча Ангелы Меркель з прадстаўнікамі федэральных зямель. Было вырашана, што школы закрывацца не будуць, таму што захваральнасць там вельмі нізкая. Пачынаючы з восьмых класаў, у некаторых школах вырашылі вучыцца групамі: частка класа займаецца дыстанцыйна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі