"Цяпер я бомж": расіяніна выслалі з Беларусі пасля штрафу за пратэставы марш
Саша Бугаёў / Архіў героя матэрыялу
— Вельмі хачу вярнуцца на радзіму. Грамадзянства ў мяне расійскае, але адчуваю сябе чыстым беларусам. Сябры — беларусы, вучыў беларускую ў школе. Там мой дом, — расказвае Еўрарадыё 25-гадовы Саша Бугаеў.
У канцы лістапада хлопца на паўгода выслалі з Беларусі, дзе ён жыве з трох гадоў. З 25 лістапада ён жыве ў сваякоў у Смаленскай вобласці:
— Цяпер я бомж. Чысты. Ні прапіскі, ні дакументаў, ні ўнутранага [расійскага] пашпарта. Толькі замежны пашпарт.
Незадоўга да таго Сашу аштрафавалі за ўдзел у акцыі пратэсту. Гэта адзіная "адміністратыўка" і стала падставай для высылкі.
Нешта не так
У 1998 годзе сям'я Сашы пераехала ў Пружаны з Хабараўска. Хлопец скончыў у беларускім райцэнтры школу і каледж, а потым працаваў некалькі гадоў у сямейнай майстэрні — выразаў з дрэва рамкі, арганайзеры, падстаўкі пад тэлефон і іншыя карысныя прадметы.
— Тут я пражыў усё свядомае жыццё, — працягвае Саша. — Сачу за ўсімі навінамі і вельмі перажываю за тое, што адбываецца сёння ў Беларусі. Калі не атрымаецца вярнуцца, буду з'язджаць і з Расіі.
Саша даўно зразумеў, што ў Беларусі "нешта не так". Летам яго абурылі затрыманні палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў перадвыбарнай кампаніі.
— Пасля абвяшчэння вынікаў галасавання і таго, што адбывалася потым, у мяне быў шок. Памятаю, як адключылі інтэрнэт. Потым у сеціве пачалі з'яўляцца відэа, як сілавікі збівалі ў дварах людзей. Глядзець на гэта было жудасна. Я вырашыў, што мірыцца з тым, што адбываецца, дакладна не буду. Выбары выбарамі, але збіваць людзей нельга.
"Пагоня" з ДАІ
Як і ў многіх іншых гарадах Беларусі, у Пружанах праходзілі пратэставыя маршы. Саша ўдзельнічаў. Нейкі час яму шанцавала — не затрымлівалі. Але многіх сілавікі схапілі.
Праз затрыманні пачаліся новыя акцыі. Людзі масава выходзілі ў цэнтр, прыходзілі да РУУС і патрабавалі вызваліць зняволеных. Саша шмат ездзіў па горадзе на машыне з налепкай "Пагоня". Пасля аднаго з маршаў яго спынілі супрацоўнікі ДАІ.
— Было чалавекі чатыры. Паводзілі сябе дзіўна. Расказвалі, што трэба паехаць у РУУС і праверыць машыну. Я адразу здагадаўся, да чаго яны хіляць, яшчэ пасмяяўся: здаровыя мужыкі, усе ўсё разумеюць і ладзяць гэты канцэрт. Кажу — ну, паехалі. У аддзяленні нічога асаблівага не было. Я ездзіў на машыне мужа сястры на белаазёрскіх нумарах. Яны падумалі, што я лялькавод, які туды-сюды прыязджае. Я сказаў, што тут жыву. Адпусцілі, — успамінае ён.
Пагроза грамадству
Саша працягваў хадзіць на маршы. 30 жніўня хтосьці сфатаграфаваў яго з БЧБ-сцягам у руках. Прыйшла позва. Па словах Сашы, у РУУС з ім размаўлялі нармальна. Ён нічога не адмаўляў, адмаўляць не было чаго. За ўдзел у "незаконным масавым мерапрыемстве" яго аштрафавалі на 270 рублёў.
Саша аператыўна аплаціў штраф, але праблемы, як аказалася, толькі пачыналіся. Раптам яму патэлефанавалі з міграцыйнай службы:
— Мяне паставілі перад фактам: добраахвотная высылка на паўгода. Далі на зборы каля 20 дзён. Аргументавалі тым, што я нібыта станаўлю пагрозу беларускаму грамадству.
У паведамленні аб высылцы сказана, што Саша павінен добраахвотна з'ехаць з Беларусі "ў інтарэсах грамадскага парадку".
Ці могуць з Беларусі выслаць за адну "адміністратыўку"?
Сітуацыі, калі грамадзян Расіі (і не толькі) высылаюць з Беларусі за адміністрацыйныя правапарушэнні, здараюцца ўсё часцей. У гісторыі з праваабаронцай Аленай Танкачовай, напрыклад, для гэтага аказалася дастаткова штрафаў за перавышэнне хуткасці.
Зрэшты, аказваецца, дастаткова і адной "адміністратыўкі".
“У законах пра замежных грамадзян, розных пастановах Савета Міністраў, ёсць такія абстрактныя падставы накшталт пагрозы нацыянальнай бяспецы ці грамадскаму парадку, — кажа Еўрарадыё юрыстка Human Constanta Наста Лойка. — На жаль, на фоне апошніх падзей шмат людзей выслалі і працягваюць высылаць, абапіраючыся на іх.
Яшчэ ў верасні мы прымалі профільную заяву пра тое, што пераслед замежнікаў у выглядзе высалак за ўдзел у мірных акцыях пратэсту безумоўна парушае шэраг правоў. Высылка не павінна быць рычагом пераследу. У Беларусі ёсць прыклады самагубстваў у выніку пагроз высылкай. Мы спадзяваліся, што на практыцы будуць больш уважліва разбіраць гісторыі людзей, улічваючы, што і як доўга іх звязвае з краінай, але практыка паказвае, што высылаюць проста за ўдзел у маршах”.
Саша не сумуе. Кажа, што збіраецца паехаць у Маскву шукаць працу, але без дакументаў з гэтым могуць узнікнуць праблемы.
Хлопец удзячны за падтрымку фонду салідарнасці. Любы з нас можа дапамагчы яму і яго родным, набыўшы што-небудзь з работ іх сямейнай майстэрні a_wood_workshop.
— Як бы там ні было, я разумею, для чаго выходзіў на пратэсты. Не шкадую ні пра што. Калі б усё паўтарылася зноў — зноў выйшаў бы, — кажа Саша Бугаеў. — А яшчэ напішыце, калі ласка, што-небудзь добрае пра Пружаны. Я ганаруся жыхарамі Пружан. Яны працягваюць выходзіць, хай і не ў такой колькасці. Але там яны змагаюцца будзь здароў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.