Да гульняў у Токіа больш за 80% спартоўцаў мусяць быць вакцынаваныя
Кіраўнік МАК Томас Бах / Reuters
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) гатовы накіраваць на летнія Алімпійскія гульні ў Токіа дадатковы медперсанал для дапамогі японскім лекарам. Пра гэта заявіў прэзідэнт МАК Томас Бах, паведамляе ТАСС.
Бах таксама расказаў, што больш за 80% спартоўцаў — удзельнікаў гульняў да пачатку Алімпіяды будуць вакцынаваныя ад каранавіруса. Японскія ўлады кажуць, што ў іх ёсць дамоўленасць з кампаніяй Pfizer аб бясплатнай вакцыне для алімпійскіх спартоўцаў з іншых краін.
Пакуль застаецца незразумелым пытанне з допускам мясцовых заўзятараў на спаборніцтвы. Рашэнне па ім будзе прынятае ў чэрвені з аглядкай на эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне.
Раней у Японіі быў абвешчаны збор подпісаў за адмену Алімпійскіх гульняў. Петыцыю падтрымалі сотні тысяч чалавек. Паводле нядаўняга апытання, якое правяло агенцтва Kyodo, больш за 72% жыхароў Японіі выступаюць за адмену Алімпіяды ці яшчэ адзін яе перанос. Пра гэта ж просяць і мясцовыя медыкі, якія асцерагаюцца занадта высокай нагрузкі на сістэму.
Алімпіяда ў Токіа мусіла прайсці мінулым летам, аднак была перанесеная на год з прычыны пандэміі. Цяпер гульні маюць адбыцца з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года. Ужо дакладна вядома, што яны пройдуць без замежных заўзятараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.