Да ўлады ў Польшчы вярнуліся кансерватары. Што гэта значыць для Беларусі

Да ўлады ў Польшчы вярнуліся кансерватары. Што гэта значыць для Беларусі

У выніку парламенцкіх выбараў у Польшчы перамогу атрымала партыя “PiS” — 39%. На другім месцы "PO" — 23,4%. Трэцяе ў новастворанай групоўкі "Kukiz 15". Цалкам спіс партый і блокаў, якія пройдуць у Сейм і сфармуюць урад, стане вядомы ў найбліжэйшыя дні. Але ўжо зразумела, што рэй у польскай палітыцы найбліжэйшыя 5 гадоў будзе весці менавіта "PiS".

 

Што такое PiS

PiS (Prawo i Sprawedliwość) — адна з вядучых палітычных партый у Польшчы. Заснаваная ў 2001 годзе братамі Качыньскімі. Прытрымліваецца нацыянал-кансерватыўнай ідэалогіі, а таксама блізкая да каталіцкага касцёла. Гэткае стэрэатыпнае ўвасабленне “польскасці” з бела-чырвонымі сцягамі, белым арлом, касцёламі і традыцыйнымі каштоўнасцямі. Палітыкі з “Права і справядлівасці” таксама моцна не любяць Расію, сэкс-меншасці і лібералаў, выступаюць за большую самастойнасць Польшчы ў замежнай палітыцы (асабліва на ўсходнім кірунку), абвяшчаюць вайну карупцыі і злачыннасці.

Чаму PiS перамог на выбарах

Усё проста — бо прайграла “Platforma Obywatelska” (PO, “Грамадзянская платформа”). Яшчэ на пачатку года ў прадстаўніка “Платформы” і прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага было каля 70% рэйтынгу, урад таксама фармавала гэтая партыя (маючы пераважную большасць у Сейме). Аднак у траўні на прэзідэнцкіх выбарах сенсацыйна перамагае Анджэй Дуда з “ПіС”. Аналітыкі ў адзін голас гавораць — ліберальна-дэмакратычная “Платформа” недаацаніла кансерватараў, Камароўскі правёў слабую кампанію, і ўвогуле пасля ад’езду былога прэм’ера Дональда Туска (ён таксама з “Платформы” і фактычна з’яўляецца адзіным лідарам у партыі) у Брусэль на пасаду кіраўніка Еўрапейскага савета “Платформа” катастрафічна страціла падтрымку. Такім чынам менш чым за год у Польшчы ізноў цалкам змянілася ўлада.

Да ўлады ў Польшчы вярнуліся кансерватары. Што гэта значыць для Беларусі

Што будзе далей у адносінах Польшчы і Беларусі?

Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў мяркуе, што калі перамены ў адносінах з суседзямі адбудуцца, то хутчэй за ўсё ў горшы бок:

“Думаю, што калі гэта (перамога “ПіС” — Еўрарадыё) паўплывае на адносіны паміж краінамі, то ў адмоўны бок. Бо хутчэй за ўсё новы польскі ўрад зойме больш крытычную пазіцыю што да сітуацыі з “Саюзам палякаў”, якая ў апошні час замарозілася. Магчыма, большае развіццё атрымаюць так званыя “крэсовыя” арганізацыі ў Беларусі”, — гаворыць Елісееў.

Палітолаг дадае, што “Права і справядлівасць” заўсёды вылучалася сваім бачаннем месца Польшчы ў агульнаеўрапейскай палітыцы. І калі “Платформа” больш прытрымлівалася агульнаеўрапейскага падыходу, то кансерватары лічаць неабходным больш актыўна праводзіць сваю ўласную палітыку. У першую чаргу ў дачыненні да Беларусі і Украіны.

Адзін з лідараў “Саюза палякаў Беларусі” Анджэй Пачобут гаворыць Еўрарадыё, што ў новай сітуацыі больш будзе залежаць не столькі ад Варшавы, колькі ад Мінска:

“Шмат залежыць ад таго, як будзе сябе паводзіць беларуская ўлада. Калі яна, умоўна кажучы, наступіць на мазоль, то можна разлічваць на жорсткую рэакцыю. Але калі гэтага не адбудзецца, то магчымая палітыка, якую мы маглі бачыць у кантэксце агульнаеўрапейскай”.

Што самі палякі?

Калі верыць сацсеткам, пакуюць чамаданы. Прынамсі, допісы ў духу “Замаўляю таксоўку ў аэрапорт” цяпер вельмі папулярныя. І гэта магло б успрымацца як жарт, калі б не больш сур’ёзныя заявы. Напрыклад, адзін з заснавальнікаў уплывовай “Газеты выборчай” Адам Міхнік ужо заявіў, што вяртанне да ўлады “ПіС” “будзе мець катастрафічныя вынікі з прычыны ксенафобіі”. І падобныя выказванні ад уплывовых у Польшчы людзей — зусім не рэдкасць. З іншага боку, слухачы “Радыё “Марыя” і жыхары ўсходніх ваяводстваў у вялікай радасці. Як бы там ні было, але найбліжэйшым часам у нашых заходніх суседзяў будзе даволі весела.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі