Данія першай у ЕС адмяніла ўсе антыкавідныя абмежаванні
Прышчэпку ад каранавіруса ў чэрвені 2021 года зрабіла і прэм'ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксэн/ Reuters
Данія стала першай еўрапейскай краінай, якая цалкам адмяніла антыкавідныя абмежаванні.
10 верасня скончыўся тэрмін дзеяння ўрадавага пастанаўлення, якое вызначала COVID-19 як асабліва небяспечнае захворванне. Падаўжаць дзеянне гэтага дакумента ўлады краіны не сталі— палічылі, што ў краіне дастаткова высокі ўзровень вакцынацыі.
Такім чынам з 10 верасня ў людзей больш не будуць патрабаваць пропускі для ўваходу ў грамадскія месцы, кавярні, спортцэнтры і начныя клубы. Дарослыя могуць вярнуцца ў офісы, дзеці — у школы. Каранцін захоўваецца толькі для хворых на каранавірус.
Аднак яшчэ ў жніўні, калі была анансаваная адмена абмежаванняў, кіраўнік міністэрства аховы здароўя краіны Магнус Хойніке папярэдзіў, што калі эпідэміялагічная абстаноўка ў краіне пачне пагаршацца, да абмежаванняў могуць вярнуцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.