Дашкевіч — Мінкульту: Вось вам бел-чырвона-белы сцяг. Хораша ён у вас глядзіцца
27 кастрычніка у Міністэрства культуры дастаўляюць вялізны стос з 10 540 подпісамі за тое, каб бел-чырвона-беламу сцягу быў прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
"Мы гэтым прыкладам засведчылі, што можна ў Беларусі працаваць, што можна выходзіць і камунікаваць з грамадствам, рабіць такія кампаніі. Збіралі ўшасцёх, але ў наступным годзе, калі нас будзе збіраць 60 чалавек, збяром сто тысяч подпісаў", — кажа Зміцер Дашкевіч на парозе Мінкульта, куды прыйшоў з калегамі па зборы подпісаў.
У будынак Мінкульта дэлегацыю з маладафронтанцаў, журналістаў і невядомага мужчыны ў чорнай шапцы і з камерай пускаюць без праблем. Кажуць, што дакументы прымаюць у канцылярыі. Прыгожыя жанчыны спакойна прымаюць гасцей, тут спачатку не разумеюць, што за шуміха. Маўляў, мы зарэгістравалі ўжо электронны зварот з той жа прапановай. Але Дашкевіч тлумачыць, што электронная петыцыя — гэта адно, а "фізічныя" подпісы — усё ж неяк больш салідна.
"Аркушамі мы будзем падлічваць іх альбо подпісамі?" — цікавіцца лідар маладафронтаўцаў, спадзеючыся, што літаральна цяпер супрацоўніцы міністэрства прыступяць да рэалізацыі яго плана. Але яны кажуць, што калектыўны зварот будзе разгледжаны ў адпаведнасці з заканадаўствам. Тады Дашкевіч дастае бел-чырвона-белы сцяг.
"Мінкульт лічыць, што няма такога сцяга, які б можна было прызнаць гістарычнай каштоўнасцю. Таму мы дорым міністэрству сцяг, які можна прызнаць. Каб потым не казалі, што няма такога сцяга. Хораша б ён тут у вашым пакойчыку глядзеўся", — Дашкевіч спрабуе прыкласці яго да сцяны.
"Калі ласка, не трэба", — просяць жанчыны. Па іх словах, сцяг будзе прыкладзены да звароту і будзе захоўвацца ў архіве разам з подпісамі.
На развітанне Дашкевіч шкадуе, што ў Мінкульце не чуваць беларускай мовы.
"Вы нам прабачце, мы ж канцылярыя", — кажуць па-беларуску жанчыны і вяртаюцца да прывычнай рускай.