"Дай Дарогу!" прысвяцілі песню аматарам камп’ютарных танкаў (відэа)
Брэсцкія панкі выдалі новы сінгл і кліп на яго. Песня “Танкіст” заснаваная на рэальных падзеях, якія адбываліся з сябрам Юрыя Стыльскага.
Брэсцкі панк-гурт "Дай дарогу!" прадстаўляе яшчэ адзін сінгл з будучага альбома. Канцэртная прэзентацыя песні "Танкіст" і відэакліпа да яе адбудзецца 8 траўня ў мінскім клубе Re:Public.
"Песня пра танкіста, які трошкі завіс, і ў якога ўжо з калпаком непарадак, — распавядае фронтмэн "Дай Дарогу!" Юры Стыльскі. — Ён не паддаецца ніякаму сямейнаму ўплыву, нікога не слухае. То бок, усё тое, што адбываецца ў крытычнай кропцы, калі чалавек завіс на камп’ютарнай гульні. Па вялікім рахунку, песня прысвячаецца майму таварышу. Так бы мовіць, усё заснавана на рэальных падзеях”.
Відэа выкладзенае на канале YouTube вядомага стрымера і гульца World of Tanks Jove. Галоўную ролю ў відэакліпе выканаў яшчэ адзін сябра Юрыя Стыльскага Сяргей "Фозі" Обухаў. У якасці рэжысёра выступіў дырэктар гурта Уладзімір Ёдаў.
Дарэчы, неўзабаве музыкі прэзентуюць яшчэ адзін кліп на песню “Отравлены Мозги”, праца над якім ужо амаль завершаная. “Застаўся секундны спецэфект і ён выйдзе”, — каментуе Юрый.
Цяпер “Дай Дарогу!” актыўна запісваюць новы альбом, рэліз якога плануецца на бліжэйшую будучыню.