Дэпутат Марзалюк прапануе размяркоўваць выпускнікоў ВНУ па згодзе

Дэпутат Марзалюк прапануе размяркоўваць выпускнікоў ВНУ па згодзе

Адысці ад жорсткага размеркавання прапануе старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. На думку парламентарыя, захаваць абавязковае размеркаванне варта толькі на сацыяльна значных спецыяльнасцях.

Ігар Марзалюк: “У перспектыве мы будзем адыходзіць ад жорсткага размеркавання. Але гаворкі пра адмену няма”.

Дэпутат раіць прапанаваць выпускнікам месца на масавых спецыяльнасцях. Захочуць — паедуць працаваць, не захочуць — знойдуць месца самі. Абавязковае размеркаванне — толькі для медыкаў і педагогаў.

Прапанова Ігара Марзалюка якраз супадае з абмеркаваннем у палаце Прадстаўнікоў новага Кодэкса Аб адукацыі. Каб рэалізаваць прапановы дэпутата, у дакумент трэба ўнесці адпаведныя змены, што змогуць зрабіць самі дэпутаты ці Мінадукацыі.

“Гэта меркаванне дэпутата. Пакуль такое пытанне намі не прапрацоўвалася, але, магчыма, змены будуць уносіцца ў будучыні”, — паведамілі Еўрарадыё ў Мінадукацыі.

Раней эксперты праграмы “Размеркаванне” ад Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання даслалі свае прапановы ў Мінадукацыі і Палату прадстаўнікоў. Дэпутаты адрэагавалі пазітыўна, Мінадукацыі пакуль не адказала.

“Цяпер самы ўдалы час для гэтага, бо абмяркоўваецца новая рэдакцыя Кодэкса Аб адукацыі. Мы падрыхтавалі папраўкі ў частку па размеркаванні. Дэпутаты адказалі, што наша справаздача будзе добрай падставай падчас працы над новым кодэксам. Мінадукацыі пакуль праігнаравалі”, - распавядае эксперт праграмы "Размеркаванне" Дзмітры Варнашоў.

Прапановы, якія дасылалі эксперты, супадаюць з прапановамі Ігара Марзалюка. Але для маладых спецыялістаў эксперты раяць зрабіць бонусы: дадаць субсідаванне выпускнікоў падчас працы на першым працоўным месцы, а таксама палёгкі для наймальнікаў, калі яны ўладкоўваюць маладых спецыялістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі