Доктара-неўролага з Барысава Аляксандра Цялегу больш за 20 сутак трымаюць у ШІЗА

Праваабаронцы не выключаюць, што Цялегу могуць перавесці ў турму / ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы не выключаюць, што Цялегу могуць перавесці ў турму / ілюстрацыйнае фота

Пра ціск на палітзняволенага доктара-неўролага з Барысава Аляксандра Цялегу паведамляе рэсурс MAYDAY. Паводле звестак праваабаронцаў, Цялега больш за 20 дзён знаходзіцца ў штрафным ізалятары Бабруйскай калоніі №2, і колькі яго яшчэ там пратрымаюць, невядома.

Адміністрацыі калоніі цісне на Цялегу праз ягоныя патрабаванні выконваць правы зняволеных, кажуць праваабаронцы.  Не выключана, што ў дачыненні да доктара могуць распачаць працэс аб пераводзе ў турму.

Цялегу затрымалі ў траўні 2021 года. Ён тады прыехаў у Беларусь у адпачынак з Нарыльска, дзе працаваў. Спачатку яго абвінавацілі ў абразе сілавікоў (арт. 369 КК РБ). Але потым спіс артыкулаў у яго крымінальнай справе павялічыўся. Яго абвінавацілі таксама ў пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ) і абразе суддзі (арт. 391 КК РБ). У матэрыялах справы гаварылася пра дзясяткі каментароў, якія Аляксандр напісаў пра чыноўнікаў. Сярод іх былі — камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык, намеснік генпракурора Аляксей Стук. У судзе Аляксандр казаў, што ён валанцёрыў пад Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года, бачыў пацярпелых, яго перапаўнялі эмоцыі. На судзе таксама стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні.

У студзені 2022 года суд Ленінскага раёна Гродна асудзіў доктара на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. А МУС унесла палітвязня ў "спіс экстрэмістаў".

Врача-невролога из Борисова Александра Телего более 20 суток держат в ШИЗО
Аляксандр Цялега / Facebook

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі