Два гродзенскія эколагі бралі хабар бульбай і зернем
Смаргонскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу на двух супрацоўнікаў Смаргонскай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Іх падазраюць у прыняцці незаконных узнагароджанняў.
Супрацоўнікі лабараторыі займаліся адборам пробаў для вымярэнняў, кантролем за забруджваннем зямель, назіраннямі за станам навакольнага асяроддзя ды інш. Пры гэтым эколагі за хабар вызвалялі прадпрыемствы і арганізацыі адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
У верасні 2017 года яны візуальна выявілі забруджаны ўчастак глебы на тэрыторыі аўтазаправачнай станцыі механізаванага двара адной з эксперыментальных баз Ашмянскага раёна. Пасля гэтага яны ўзялі пробы глебы ў іншых месцах, дадалі недакладныя звесткі ў пратакол. За гэта эколагі атрымалі ад інжынера па ахове працы бясплатна каля 200 кг бульбы.
Пры адборы пробаў глебы па-за забруджаным участкам у сельскагаспадарчым прадпрыемстве Смаргонскага раёна яны атрымалі ад галоўнага інжынера 120 кг збожжа пшаніцы, каля 120 кг збожжа ячменю і 240 кг бульбы.
Таксама з 2008 па 2013 гады супрацоўнікі лабараторыі неаднаразова фальсіфікавалі вынікі вымярэнняў выкідаў вуглякіслага газу і пылу ў атмасферу. За гэта начальнік вытворчага ўчастка аднаго з прадпрыемстваў Ашмянскага раёна дастаўляў ім бакалейныя тавары.
У чэрвені 2016 года начальнік дрэваапрацоўчага цэха ў Іўеўскім раёне "падарыў" ім драўляны стол і іншыя драўляныя вырабы. За гэта пры адборы пробаў паветра яны заніжалі паказчыкі выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу.
Падчас расследавання крымінальнай справы праваахоўнікі канфіскавалі частку незаконна атрыманых тавараў у падазраваных і далучылі ў якасці рэчыўных доказаў.
Расследаванне працягваецца.