Дыпламаты з РФ папрасілі сустрэчы з затрыманымі ў справе "крывавага салюта"
Расійскія дыпламаты папрасілі ў беларускіх уладаў сустрэчы з двума грамадзянамі РФ, якіх затрымалі ў справе інцыдэнту падчас салюту на Дзень Незалежнасці. Як паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на прэс-службу расійскай амбасады, консульскія супрацоўнікі дыппрадстаўніцтва дапамагалі падлючыць да справы адвакатаў і запытвалі консульскі доступ.
Дыпламаты таксама заяўляюць, што ажыццяўляюць усе дзеянні, каб забяспечыць выкананне законных правоў затрыманых расіянаў.
3 ліпеня падчас святочнага салюта на Дзень Незалежнасці ў Мінску праз выбух феерверкавых вырабаў загінула жанчына, яшчэ 9 чалавек атрымалі раненні. Таксама выбуховай хваляй былі пашкоджаныя вокны ў навакольных дамах.
Паводле Міністэрства абароны Беларусі, снарады для салюта набывалі ў расійскай кампаніі "Пиро-Росс". Затрымалі дваіх супрацоўнікаў кампаніі, якія прыбылі ў Мінск для кансультавання вайскоўцаў у пытанні выкарыстання феерверкавых вырабаў.
Паводле адной з версіяў, снарады для салютаў расійскай вытворчасці былі няякасныя.