Дзе лепш змагаюцца з афрыканскай чумой — у Расіі ці ў Беларусі?
Еўрарадыё параўнала нарматыўныя акты і правілы, якія вызначаюць працэдуры па супрацьдзеянні захворванню ў нашай краіне і ва ўсходніх суседзяў.
“Правілы барацьбы з афрыканскай чумой свіней у Беларусі зацверджаныя пастановай Мінсельгасхарча № 84 ад 22 снежня 2008 года. А таксама План мерапрыемстваў па папярэджанні заносу і недапушчэнні распаўсюджання захворвання на 2011-2015 гады. Падпісваў іх Іваноў, на той момант віцэ-прэм’ер”, — расказваюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі.
Неабходную пастанову можна знайсці за пяць хвілін на сайце pravo.by. Усе жахі, перажытыя беларускімі фермерамі і сялянамі (свінні, на жаль, усяго гэтага не перажылі), адпавядаюць заканадаўству. Пасля выяўлення хворых жывёл месца іх знаходжання называюць ачагом захворвання. Вакол яго размяшчаюцца дзве небяспечныя зоны — першая (бліжэйшая) і другая (размешчаная далей). У эпіцэнтры з дапамогай ін’екцыі забіваюць усіх свіней, хворых і здаровых. Пасля чаго іх тушы спальваюць альбо закопваюць на глыбіню больш за два метры. Свінарнікі дэзінфікуюць, у наваколлі ўсталёўваюць строгі каранцін.
У першай зоне ўсіх свіней таксама забіваюць, але іх мяса накіроўваюць на мясакамбінаты і пускаюць на вараную каўбасу альбо тушонку. У другой зоне ветэрынары абмяжоўваюцца інфармаваннем насельніцтва і аглядам свіней. Пры гэтым свінакомплексы могуць не ўключаць у першую зону. Усіх свіней там заб’юць, толькі калі нейкая жывёла захварэе.
Што праўда, суседзі на спрытнасць беларусаў у барацьбе з АЧС не асабліва спадзяюцца. Адны пагражаюць пяцісоткіламетровай сцяной адгарадзіцца, іншыя забаранілі ўвоз нашай свініны. Нават на мяжы з Расіяй ці не ўпершыню за шмат гадоў з’явіліся пункты пропуску, дзе сур’ёзныя людзі шукаюць у беларускіх машынах заражанае свіной чумой мяса. Але, як даведалася Еўрарадыё, у Расіі з гэтай хваробай змагаюцца паводле правілаў, зацверджаных ажно 33 гады таму — у 1980 годзе, яшчэ за часамі СССР. У “Рассельгаснаглядзе” тлумачаць, што новы дакумент толькі распрацоўваецца.
“У нас распрацоўваецца Закон аб ветэрынарыі. Пад яго будуць распрацоўвацца нарматыўныя дакументы. Думаю, што будзе таксама паднятае пытанне па выданні новай інструкцыі па барацьбе з афрыканскай чумой свіней”.
Тым не менш інструкцыі адрозніваюцца нязначна. З беларускага дакумента прыбраныя анахранізмы (напрыклад, згадкі пра разнастайныя саюзныя структуры), абрэвіятуру СССР замянілі на РБ альбо Беларусь, ды дадалі падрабязнае апісанне захворвання.
Аднак ёсць і сур’ёзныя адрозненні. Згодна з прынятымі ў Расіі савецкімі інструкцыямі, ізноў гадаваць свіней у былых месцах заражэння можна ўжо праз год. У Беларусі — праз шэсць месяцаў. Яшчэ адзін важны момант — у Расіі свіней з першай зоны ў людзей абавязаныя купляць, а ўжо потым забіваць. Беларусам пашанцавала менш: у інструкцыі працэдура аплаты не прапісаная. Таму зусім невялікіх грошай прыйдзецца пачакаць.
Нагадаем, у Беларусі афіцыйна пакуль зарэгістраваныя тры ачагі афрыканскай чумы свіней — у вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна, на Стаўбцоўшчыне і пад Віцебскам. У Расіі захворванне ўжо некалькі гадоў “гуляе” па поўдні еўрапейскай часткі краіны. Адным з апошніх скандальных выпадкаў, звязаных са свіной чумой у Беларусі, стала знішчэнне статка з 600 свіней, які належаў ашмянскаму фермеру. Пры гэтым ніякіх прыкметаў захворвання ў жывёлаў не назіралася.