Дзед Мароз: Крызіс ударыў. 31 снежня сядзім амаль без працы

Дзед Мароз: Крызіс ударыў. 31 снежня сядзім амаль без працы

Эканамічны крызіс, безумоўна, закрануў многія сферы жыцця беларусаў. Ударыў ён і па святах. Шоумены і музыкі скардзяцца, што рэзка ўпала колькасць карпаратываў. Да іх далучыліся і Дзяды Марозы са Снягуркамі. Па апошніх дадаткова ўдарылі праблемы з запрашэннямі ў дзіцячыя садкі і школы.

“Замоваў менш стала. 31 снежня сядзім амаль без замоваў”, — прызнаюцца ў агенцтве “Ландсад”, якое займаецца арганізацыяй навагодніх святаў. І дадаюць, што праз абавязковае ўзгадненне яны сёлета ні разу не пабывалі ў дзіцячых садках, у адрозненне ад мінулых гадоў.

“У дзіцячы садок заказвалі, толькі калі мамы дзетак самі, па сваёй ініцыятыве, на вуліцы ладзілі дзеткам ля ёлкі свята. У садок мы не хадзілі”.

Яшчэ адзін “Дзед Мароз” з 15-гадовым стажам параўноўвае працу з мінулымі гадамі:

“Летась, калі крызіс пачынаўся, было складаней працаваць. Менш было і званкоў па тэлефоне, і заказаў, нават прыватных. Сёлета становішча крыху палепшылася, але ўсё роўна складана ў параўнанні з мінулымі гадамі. Адчуваецца, што людзі грошы лічаць”.

Наконт узгаднення паслуг “Дзед Мароз” не турбуецца. Ён упэўнены, што робіць якасныя праграмы, і той, хто яго ўжо ведае, запрашае зноў і зноў.

Яшчэ адзін “Дзед Мароз” лічыць, што супрацоўнікі навучальных устаноў і бацькі ніколі не заменяць прафесіянала з вялікім досведам працы на ранішніках. Спецыялізуецца ён на віншавальных праграмах і наконт сёлетніх заказаў адзначае наступнае:

“Больш маленькіх заказаў з маленькім бюджэтам на віншаванні. Зайшоў-выйшаў, без праграмы”.

Пацвердзіў зніжэнне колькасці заказаў і яшчэ адзін “Дзед Мароз”, які прадставіўся Аляксандрам.

Але ёсць і тыя, хто не адчуў ніякіх зменаў. Яшчэ адна пара, “Дзед Мароз” і “Снягурка”, прызнаюцца, што чакалі менш замоваў, аднак крызіс на іх ніяк не паўплываў:

Снягурка: “Заказаў прыблізна столькі ж, бо мы працуем у такім цэнавым сегменце, што колькасць людзей не мяняецца ў прынцыпе. То бок у нас вышэйшыя за сярэднія цэны, вышэйшыя за сярэднія, адпаведна, заказчыкі. Таму крызіс ніяк не адбіўся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі