Дзень нараджэння “Осмос” — аплявуха беларускім тэлешоў (фота+відэа)
На 10-годдзе студыі Івашын вярнуўся ў Neuro Dubel, Памідораў адрамантаваў ровар Бенькі, а Насарогаў назваў новы альбом у гонар вуснаў Ліпніцкага.
10-годдзе студыі “Осмос” яшчэ на стадыі падрыхтоўкі моцна прыцягвае ўвагу. Neuro Dubel, The UNB, “Ы.Ы.Ы.”, RockerJoker у аркестравых аранжыроўках Ліпніцкага — ужо, як мінімум, цікава. Відаць, гэта і становіцца прычынай такой незвычайнай пунктуальнасці наведвальнікаў. На караоке-джэме ад Міхея Насарогава, які пачынае канцэрт, людзей прыкладна столькі ж, колькі і на апошніх песнях хэдлайнера вечара гурта “Серебряная свадьба”.
Міхей выступае ў ролі гэткага трагікоміка. Для неафіцыйнай прэзентацыі сваёй новай праграмы ён запрашае людзей з-пад сцэны. З вялікімі штучнымі гітарамі яны ствараюць уражанне прысутнасці гурта на сцэне.
“Дзякуй сябры! Яшчэ раз павітаем студыю “Осмос”! Першая разагрэвачная частка скончылася, мы выдатна пацягнулі час! У вас ёсць магчымасць перакурыць, памяняць куфлі і пачнецца супершоў”, — выкрыквае са сцэны Міхей і ўходзіць змываць грым. Чакаць супершоў даводзіцца хвілін 15, якія музыка мог бы і “пацягнуць”. Бо колькасць выкананых трэкаў не пакідае нават дробнай магчымасці зразумець, куды ён цяпер рухаецца, ды якім жа будзе новы сольны Насарогаў.
Lipnicki Show Orchestra літаральна выбухнуў джаз-фанкавай аранжыроўкай песні “Ворсинки и каташки” гурта Neuro Dubel. З’яўленне на сцэне толькі Юры “Паскуды” Навумава без Аляксандра Кулінковіча спачатку здзіўляе, але праз некалькі секунд захапляе. Юра ў чорным смокінгу з чырвоным поясам і бабачкай раскрываецца як выдатны сольны выканаўца — харызматычны ды прыцягальны, дакладны ў нотах і свабодны ў рухах.
Падчас выканання Памідоравым і Бенькай песні “Люся” гурта “Ы.Ы.Ы.” па скуры пачынаюць бегаць мурашы. Рэпетавалі вакалісты з аркестрам толькі тройчы, сцэнічнай пастаноўкай, адпаведна, не было калі ды і каму займацца. Але кожнае з’яўленне на сцэне Святланы Бень абавязкова суправаджаецца нейкім шоў. Чамусьці адразу ўзгадаліся “Навагоднія аганькі”. Няхай не вельмі зладжана, непрычасана, з падказкамі адзін аднаму на вуха, але ўвесь выступ Lipnicki Show Orchestra робіцца сапраўды моцнай аплявухай усім беларускім тэлешоў.
Экспрэсія музыкаў ды пазітыўны настрой публікі растуць з кожным новым трэкам. Дзюбелеўскае “Петрова, подай воды!” у нечаканым выкананні былога клавішніка Neuro Dubel Макса Івашына раптоўна пераўтвараецца ў “Юрцевич, подай воды!”. На сцэну выходзяць усе ўдзельнікі канцэрта, выцягваюць і кіраўніка “Осмос” Паўла Юрцэвіча. Хвіліны крыкаў, скокаў, сапраўднага броўнаўскага руху. На фінальным акордзе разагрэты Паша спрабуе скочыць са сцэны ў залу, але стэйдж-дайвінг не атрымліваецца. Дзяўчаты пад сцэнай адразу ж кідаюць юбіляра на падлогу. Тым часам аркестр сыходзіць і паўзу запаўняе Аляксандр Памідораў, спяваючы на матыў “Чёрной речки” “Серебряной свадьбы”.
“Студия “Осмос” целых десять лет! Страшно припомнить, лучше этой студии… Студия “Осмомс”, десять лет пути! Спасибо тебе, Паша! Спасибо вам, что все пришли!”
“Серебряная свадьба” закрывае мерапрыемства амаль паўтарагадзінным канцэртам. Бачна, што гурт даўно не выступаў у Мінску. Публіка спявае кожную песню не адрываючы вачэй ад сцэны і з выключным замілаваннем на твары. Нягледзячы на “гастрольны цягнік” праз 20 хвілін, музыкі выконваюць “харавую” версію “Одна в ресторане”, а потым яшчэ і “Пилотов” на біс.
Дзень нараджэння “Осмос”, хутчэй за ўсё, стане адной з лепшых музычных падзей гэтага года. Праўда, не самае прыемнае пачуцце ўсё ж засталося — эксперымент з рокерамі і Lipnicki Show Orchestra паўтараць не плануецца, а дарэмна!