Дзень танкіста ўжо 15 верасня! Чым здзівіць Wargaming гэтым разам?
15 верасня ў сталічным парку Перамогі адбудзецца найбуйнейшы ў краіне фэст, прысвечаны віртуальным забавам, — “WG Fest: День танкиста”. Галоўнай гульнёй вечара стане World of Tanks. Іншыя праекты Wargaming таксама не застануцца без увагі: тактычная гульня “Калібр”, World of Warplanes і World of Warships.
Для аматараў танкавых баталій тут будуць адмысловыя зоны забаў, фотазоны, дзясяткі кіёскаў з рознымі сувенірамі і сотні камп’ютараў у гульнявых зонах. Уваход на фестываль будзе бясплатным. Платным зробяць толькі “Прэміум ангар”. За 68 рублёў вы атрымаеце шэраг бонусаў і магчымасць паразмаўляць з распрацоўшчыкамі гульні і вядомымі блогерамі, трапіць на асобны фудкорт і ў гульнявую зону з камп’ютарамі і мабільнымі прыладамі.
Фестываль размесціцца на тэрыторыі каля 100 гектараў. Тут будзе і вялізарны фудкорт, і асобная вялікая дзіцячая зона.
На галоўнай сцэне фестывалю зайграюць зорныя панк-рокеры The Offspring. Кампанію ім складуць украінцы “Воплі Відоплясова”, “Звери” і Крамбамбуля.
Пачнецца фестываль у 14:00. У 23 гадзіны “WG Fest: День танкиста” скончыцца вялікім салютам.