Дзевяць рэчаў, якія бянтэжаць замежніка ў Грузіі
Фелікс Вайс, JamNews
Што больш за ўсё кідаецца ў вочы замежніку, які пражывае ў Грузіі? Фелікс Вайс з Германіі дзеліцца сваім досведам.
Паліцэйскія машыны
Замежніка бянтэжыць тое, што паліцэйскія машыны заўсёды ездзяць з пастаянна уключанай сіняй мігалкай. Я прывык да таго, што паліцыя выкарыстоўвае яе толькі калі нешта адбываецца, і ёй неабходна тэрмінова перасекчы скрыжаванне. Для Грузіі гэта нармальна — нават калі нічога не адбываецца. У экстраных выпадках паліцыя дадаткова выкарыстоўвае сірэну або гучнагаварыцель, каб паведаміць аб неабходнасці вызваліць ім шлях.
Рух злева, руль — справа
Чаму ў некаторых аўтамабілях руль знаходзіцца справа? У краінах з левабаковым рухам руль знаходзіцца на правым баку. І наадварот у краінах з правабаковым рухам. У Грузіі правабаковы рух, але тут сустракаюцца аўтамабілі двух тыпаў.
Гасціннасць
Вельмі прыемна, калі грузіны з гасціннасцю ставяцца да незнаёмцаў. Гэта тое, чаго я ніколі не сустракаў у роднай краіне. Няхай гэта будзе бабулька ў вёсцы, якая забяспечвае вас дамашнім сырам і віном перад тым як вы адправіцеся ў паход, ці таксіст, які згодны давезці вас ад аэрапорта да горада за 35 лары, а пасля невялікай гутаркі і абмену цыгарэтамі вырашае ўзяць з вас 20 лары і дае вам свой нумар тэлефона на выпадак, калі вы раптам захочаце пакаштаваць аднаго з яго хатніх він.
Культура піцця алкаголю
Кожны народ, які мае свой уласны нацыянальны напой і пэўныя звычаі, звязаныя з ужываннем алкаголю, ганарыцца гэтым. Грузіны маюць сваё віно і чачу. Мне сапраўды вельмі падабаецца, як грузіны кажуць тосты і размаўляюць з іншымі людзьмі. Але ёсць і звычаі, якія мне не зразумець: гэта ж наколькі п'яным павінен быць чалавек, каб яму прыйшла ў галаву ідэя паспрабаваць прыпадняць стол зубамі?!
Поліэтыленавыя пакеты
Цяжка ўявіць, колькі поліэтыленавых пакетаў выкарыстоўваецца ў Грузіі. Ствараецца ўражанне, што я адзіны ў супермаркеце, хто кладзе прадукты ў сумку, прынесеную з сабой з гэтай мэтай. Вядома, прыемна атрымаць пакет бясплатна, калі вы раптам забыліся свой дома, але часам неабходнасць іх выкарыстання зусім перабольшаная. Навошта патрэбны поліэтыленавы пакет, калі вы купляеце ўсяго толькі адну рэч? Па вялікім рахунку, без розніцы, панесяце вы гэтую рэч у руцэ або ў поліэтыленавым пакеце.
Стаўленне да навакольнага асяроддзя
Складваецца ўражанне, што ў Грузіі мала хто клапоціцца пра навакольнае асяроддзе. Нават за горадам, на ўлонні прыроды, можна выявіць вялікую колькасць смецця. А сам горад Тбілісі так забруджаны, таму што ўсе ездзяць на машынах або аўтобусах. Чаму адмянілі трамваі? Трамвай — гэта танны і экалагічна чысты від транспарту ў параўнанні з аўтобусамі. Чаму людзі не выкарыстоўваюць больш ровараў, якія былі б не толькі экалагічным, але і здаровым відам транспарту?
Шорты. Дакладней іх адсутнасць
Нават у гарачыя дні (а такіх у Грузіі нямала) мужчыны носяць доўгія штаны і джынсы. Чаму яны не аддаюць перавагу шортам ў спёку?
Манера хрысьціцца
Большая частка грузінскага грамадства вельмі рэлігійная. Гэта цалкам нармальна, што людзі наведваюць царкву, моляцца або трымаюць пасты перад важнымі рэлігійнымі святамі. Але я быў уражаны тым, што людзі хрысцяцца двойчы, праходзячы міма царквы ці манастыра, нават калі яны сядзяць у аўтобусе, а будынак царквы знаходзіцца далёка.
Венікі
Прынята лічыць, што немцы — працавіты і дысцыплінаваны народ. Але па мне, яны гультаяватыя — эфектыўна яны працуюць толькі таму, каб у выніку зэканоміць намаганні. З гэтага пункту гледжання незразумела, чаму ў Грузіі большасць венікаў — маленькія і кароткія. Бо ўборка імі займае больш часу, і пры гэтым церпіць спіна.