“Дзіця застанецца без маці”. Са Швецыі дэпартуюць дысідэнтку і жонку беларуса
14-месячны сын Дзмітрыя Плакса і Лізы Аляксандравай-Зорынай / Архіў
"Я не звязваю гэтую сітуацыю з вайной Расіі супраць Украіны, але звязваю яе з экстрымальна нізкім узроўнем прафесіяналізму шведскага міграцыйнага бюро”, — распавядае Еўрарадыё беларускі літэратар, драматург і радыёпрадзюсер Дзмітрый Плакс, які шмат гадоў жыве ў Швецыі і з’яўляецца грамадзянінам гэтай краіны.
14 лістапада стала вядома, што яго жонцы Лізе Аляксандравай-Зорынай адмовілі ў атрыманні шведскага віда на жыхарства для ўз’яднання сям’і. Цяпер яе чакае дэпартацыя, але 14-месячны сын Максіміліян, які мае шведскае грамадзянства, можа застацца з бацькам. Вось такое “гуманнае” рашэнне…
Ліза — знакамітая ў Расіі і Швецыі журналістка і пісьменніца, якая не баіцца крытычна выказвацца аб пуцінскім рэжыме. Сваім чытачам яна распавядае пра тое, як дыктатура на яе радзіме шмат гадоў душыла свабоду слова і выкарыстоўвала кавідны крызіс, каб узмацніць сачэнне за людзьмі.
У пачатку 2022 года Ліза заявіла, што Пуцін гатовы ўвайсці ва Украіну, каб застацца ва ўладзе, і не памылілася. На палітычныя пратэсты выходзіла яшчэ з 2014-га.
Таксама — працавала ў праваабарончай арганізацыі, дзейнасць якой у Расіі цяпер забароненая. Дома дысідэнтку чакае турма. Толькі за распаўсюд інфармацыі аб вайне ва Ўкраіне там можна атрымаць да пятнаццаці гадоў зняволення.
“Рускія дысідэнты — вырашальная сіла. Менавіта праз іх мы можам зразумець, што адбываецца ў краіне, менавіта яны пратыкаюць дзіркі ў сцяне, якую будуе Пуцін, — рэагуюць на сітуацыю ў шведскім выданні Sydsvenskan. — Калі Швецыя сапраўды гатова адправіць вядомага журналіста, які крытыкуе рэжым, проста ў пашчу льва, гэта падае дзіўныя сігналы”.
Тут жа пішуць, што пісьменніца можа яшчэ раз падаць заяўку ў міграцыйнае бюро, але толькі з Расіі, маўляў, такі закон. Ці паведамілі пра гэта Лізе і яе мужу паўтара гады таму, калі яны распачалі працэдуру?
“Яшчэ ў лютым, заўважце, 2021 году, ведаючы, з якім органам я маю справу, я адправіў усе дакументы, якія там патрабавалі, — адказвае на пытанне Дзмітрый Плакс. — Зрабіў гэта двойчы — па звычайнай і электроннай пошце. Пасля я звярнуўся да бюро яшчэ раз, каб высветліць, ці дакладна там атрымалі ўсе неабходныя паперы, ці своечасова, ці патрабуецца нейкая даплата. Пасля некаторай паўзы мне адказалі, што ўсё нармальна і ніякіх даплат не патрабуецца. Таксама я даслаў дакументы, якія тычыліся маіх даходаў. Прыклаў да заявы даведку з цэнтра абароны дзяцей, дзе ацанілі сітуацыю Максіміліяна, зыходзячы з найлепшых інтарэсаў дзіцяці. Мы таксама апісалі працу маёй жонкі як крытычнага журналіста і праваабаронцы з Расіі, дзе яна таксама знаходзілася ў зняволенні і пераследавалася. Дадам, што Ліза не прасіла палітычнага прытулку. Тут вядзецца размова пра цалкам відавочную сітуацыю ўз'яднання сям'і. Мы жанатыя, у нас агульнае дзіця. Я — грамадзянін Швецыі, наша дзіця нарадзілася ў Швецыі”.
Невядома чаму, але толькі праз паўтара года пасля падачы заяўкі ў 22-старонкавым дакуменце чыноўнікі адказваюць, што праверыць асобу Лізы Аляксандравай-Зорынай па копіі расійскага пашпарта, якую яны самі запыталі, не ўдалося. Таксама там гаворыцца, што пры падачы заяўкі не было інфармацыі пра жыллёвыя ўмовы сям'і, хаця суразмоўца запэўнівае Еўрарадыё, што падаваў гэтыя дакументы.
Па рашэнні міграцыйнага бюро, жанчына павінна пакінуць Швецыю праз чатыры тыдні пасля адпраўкі ліста, датаванага 8-м лістапада. Сам ліст сям'я атрымала толькі 14-га, то бок на зборы ці спробу паспрачацца з чыноўнікамі часу застаецца ўсё менш.
Дзмітрый Плакс і яго жонка Ліза Аляксандрава-Зорына спадзяюцца, што розгалас дапаможа прыцягнуць увагу да іх праблемы і шведскае міграцыйнае бюро перагледзіць сваё рашэнне. Справа не толькі ў небяспецы, якая чакае дысідэнтку ў Расіі. “Шмат каго тут цяпер абурае сітуацыя, што 14-месячнае дзіця, застанецца без маці”, — кажа Дзмітрый.
У 2019 годзе Дзмітрый Плакс страціў старэйшага сына Пятра. Хлопца засеклі сякерай на марскім узбярэжжы Швецыі. 16-гадовы падлетак памёр, нягледзячы на намаганні дактароў. Супрацоўнікі шведскага міграцыйнага бюро ведаюць гэту гісторыю. Толькі сям'я дапамагла паважанаму літаратару, драматургу і радыёпрадзюсеру падняцца на ногі пасля здарэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.