Дзіянаў: Масавыя акцыі пратэсту не могуць быць кепскімі ва ўмовах дыктатуры
На гэтую сераду "Рэвалюцыя праз сацыльныя сеткі" не была запланаваная. Чаму, расказвае каардынатар ініцыятывы Вячаслаў Дзіянаў.
Еўрарадыё: Чаму гэтым разам акцыі не было?
Вячаслаў Дзіянаў: Сёння акцыя не адбылася, таму што мы рыхтуемся да Народнага сходу 8 кастрычніка. Зараз выпускаюцца відэаролікі, абвяшчаюцца месцы, дзе будуць праходзіць народныя сходы па Беларусі.У будучым — невядома, ці будуць акцыі ў такім фармаце ці ў іншым, але чагосьці чакаць трэба. Па сутнасці, сістэма збора людзей адпрацаваная, сістэма арганізацыі акцый адпрацаваная, таму акцый варта чакаць.
Еўрарадыё: Ці адбылася, на вашую думку, акцыя на мінулым тыдні, калі удзельнікаў заклікалі далучыцца да фанатаў матча БАТЭ — "Барселона"?
Вячаслаў Дзіянаў: Пасыл быў у першую чаргу да фанатаў, пачулі яны нас ці не – складана сказаць. Людзі ў бок Кастрычніцкай ішлі, было затрыманне фанатаў, але невядома, ці іх затрымлівалі таму, што яны пачыналі акцыю, ці па іншай прычыне.
Еўрарадыё: Апошнія дзве акцыі былі нешматлікімі і незаўважнымі. Тое ж адбылося з апошнімі акцыямі "Стоп-бензін". Ці не паўторыцца сітуацыя падчас Народнага сходу?
Вячаслаў Дзіянаў: Насамрэч, народным сходам займаемся не толькі мы, займаецца шырокае кола арганізацый і ініцыятываў. Людзі будуць. Але нават пытанне, колькі іх, будзе не галоўнае. Народны сход заяўляецца як месца, куды людзям прапануецца прыйсці, абмеркаваць праблемы і высунуць патрабаванні. Таму я думаю, мерапрыемства, што па сутнасці выкарыстоўвае лазейкі ў законах дыктатуры, — гэта супер-ідэя. Гэта будзе першы народны сход, невядома, колькі будзе людзей. Але гэта дакладна будзе мерапрыемства не апошняе, мы паглядзім як яго арганізоўваць далей.
Калі ўзгадаць летнія акцыі — там напачатку таксама мала людзей прыходзіла. Трэба старацца, трэба рухацца наперад. Масавыя акцыі трэба праводзіць у любым выпадку, таму што ніхто не ведае, калі будзе масавы выбух у краіне. Ні адзін аналітык не скажа, калі гэта будзе. І што тады? Хто куды пойдзе? Будуць пратэстныя масы, яны будуць гатовыя выйсці на вуліцу, а месца, час ніхто не будзе ведаць. І ніхто не паспее арганізаваць.
Еўрарадыё: Калі будзе некалькі Народных сходаў, ці не адбудзецца з імі тое ж, што і з маўклівымі акцыямі, якія паступова сышлі на спад і не прынеслі зменаў?
Вячаслаў Дзіянаў: Акцыя — гэта збор людзей, каб яны выказалі сваю пазіцыю. Калі беларусы не гатовыя выказваць яе актыўна, гэта кажа пра тое, што трэба больш працаваць над тым каб данесці да людзей інфармацыю, данесці, што трэба пратэставаць, і што апроч як на акцыях, мы ў гэтай краіне сваіх правоў не адстаім. Варта і хадзіць на акцыі, і праводзіць іх. А пра тое, заціхнуць яны ці не, няхай думае той, хто прывык прагназаваць.
Еўрарадыё: Але ж нейкая стратэгія павінна быць? Што рабіць пасля схода, у залежнасці ад таго, колькі чалавек на яго прыйдзе?
Вячаслаў Дзіянаў: Індыкатарам паспяховасці акцыі з’яўляецца не колькасць людзей. І для Рэспублікі Беларусь, і для рэакцыі Еўрасаюзу, Злучаных Штатаў, Расіі нашмат важней не колькасць людзей, а да якіх вынікаў прывяла акцыя. А вынік акцыі — якія будуць зробленыя заявы, як адрэагуюць розныя бакі. Вельмі важна, як успрымуць акцыю людзі, сысці са сходу людзі павінны задаволенымі, каб яны адчулі, як яны самі прымаюць рашэнні і абараняюць іх.
Еўрарадыё: Відавочны вынік маўклівых акцыі — іх забарона.
Вячаслаў Дзіянаў: Гэта не ўсе вынікі маўклівых акцый. Вялікая колькасць людзей, што не мелі аніякага дачынення да палітыкі, і думалі, што жывуць у цудоўнай краіне, пасля маўклівых акцый зразумелі, дзе яны жывуць, і якая наша ўлада. Акрамя таго, падчас маўклівых акцый уводзіліся санкцыі з боку Еўрасаюза і ЗША. Яны ўводзіліся не толькі з-за палітзняволеных, але і з-за масавых затрыманняў падчас гэтых акцый. Ну, і закон пра масавыя мерапрыемствы, што прынялі пасля гэтых акцый. Гэта не дрэнны вынік. Ён гаворыць пра тое, што ва ўладаў няма іншага метада супраць такіх акцый, апроч як прыдумаць новы абсурдны закон.
Улада вельмі баіцца масавых пратэстных акцый, новых спосабаў самаарганізацыі, новых спосабаў збора людзей. Нездарма ж людзі распавядаюць пра допыты ў КДБ, на якіх у іх распытваюць, ці не казалі на акцыях пра рэвалюцыю. З дапамогай агентаў уплыву і інфарматараў улады стараюцца любымі спосабамі адводзіць людзей ад гэтых тэмаў – хоць масы, хоць экспертныя супольнасці, хоць НДА, хоць палітычныя партыі. Не вядзіцеся на такую дыскрэдытацыю. Масавыя акцыі пратэсту не могуць быць кепскімі ва ўмовах дыктатуры. Важна, што яны ёсць і гэта максімальная ўвага да нашай краіны з боку той жа міжнароднай супольнасці. Гэта лепш, чым напісанне мемарандумаў ды пераліванне з пустога ў парожняе.