Дзмітрыю Калдуну далі ў вока за спевы ў караоке
![Дзмітрыю Калдуну далі ў вока за спевы ў караоке](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/56636412_1437975639672845_1283946960476755114_n.jpg.webp?itok=N7GOF8lc)
Спявак Дзмітрый Калдун стаў удзельнікам бойкі ў адным з беларускіх райцэнтраў. Такім чынам скончылася яго спроба праспяваць песню "Караблі" ў караоке. Пра гэта артыст распавёў на сваёй старонцы ў Instagram.
Калдун апублікаваў сваё фота з падбітым вокам і сцёртымі косткамі пальцаў.
"Гастролі па Беларусі ў самым разгары. Учора паспрабаваў праспяваць "Караблі" ў караоке ў правінцыйным гарадку. Дзякуй удзячным слухачам", — падпісаў ён сваё фота.
Піяр-менеджар спевака Юлія Сажына ў гутарцы з журналістам Еўрарадыё паведаміла, што гэта можа быць фэйк: "У Дзмітрыя такое пачуццё гумару". Падрабязнасці здарэння яна паабяцала пракаментаваць пазней.
Дзмітрый Калдун прадстаўляў Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне" ў 2007 годзе. Тады нашая краіна заняла шостае месца — гэта быў самы высокі вынік за ўвесь час удзелу Беларусі ў еўрапейскім песенным конкурсе.